29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выйсці на плошчу Міру

81
Выйсці на плошчу Міру

Верасень... Чорны месяц для Беларусі.

16 верасня 1999 года былі выкрадзеныя і забітыя былы віцэ-старшыня беларускага парламэнта, старшыня Цэнтрвыбаркама Віктар Ганчар і бізнэсовец, грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі.

3 верасня 2010 года быў знойдзены павешаным заснавальнік сайта charter97.org Алег Бябенін.

Сёння мне прыгадалася мая першая сустрэча з жонкамі выкрадзеных і забітых у Беларусі людзей. Гэта было ў 2001 годзе. Я павінна была напісаць артыкул для спэцвыдання газэты «Наша Свабода» (праз некалькі месяцаў выданне было зачыненае ўладамі). Стэлефанавалася і дамовілася сустрэцца з Ірынай Красоўскай, Святланай Завадскай, Людмілай Карпенкай, пагаварыла праз тэлефон з сям'ёй Юрыя Захаранкі, якая да таго часу была вымушана з'ехаць у Нямеччыну праз рэгулярныя пагрозы і ціск.

Мне, зусім яшчэ маладой журналістцы, было страшна ісці на гэтыя сустрэчы. Я не ведала, як можна браць інтэрв'ю ў забітага горам чалавека. Усе пытанні здаваліся фальшывымі, недарэчнымі, жорсткімі.

Да кожнай з гэтых жанчын я прыйшла дадому. Але не стала браць інтэрв'ю. Мне трэба было проста слухаць. Ім патрэбныя былі толькі спачуванне і разуменне.

У гэтых маналогах было шмат болю і слёз. Адрозніваліся яны толькі ў адным. У сваякоў Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага заставалася маленькая надзея-мара, што аднойчы адчыняцца дзверы і іхні муж, бацька, сын стане каля парога і скажа: «Прабач, што мяне так доўга не было. Я вярнуўся». У тых, хто змог пахаваць целы сваіх каханых, не засталося нічога.

Мінула 15 гадоў з часу выкрадання Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага. 14 гадоў ад знікнення Дзмітрыя Завадскага. 4 гады з таго дня, як не стала Алега Бябеніна.

Надзеі больш няма. Па заканчэнні столькіх гадоў ясна, што выкрадзеных забілі, хоць мы і не ведаем, дзе іхнія магілы. Хтосьці паспрабаваў пачаць жыццё зноўку, але боль усё адно не сышоў.

Але мы абавязаныя абярнуцца назад. Вярнуцца ў тыя страшныя гады і ўсвядоміць, што нічога не скончылася, усё працягваецца. Таму я цытую словы жанчын, вымаўленыя імі ў 2001 годзе, неўзабаве пасля знікнення іхніх блізкіх:

Ірына Красоўская: «Тое, як я жыву, можа зразумець толькі той, хто апынуўся ў такой сітуацыі. Як растлумачыць, што не хочацца жыць, не хвалюе ніхто і нішто, што не можаш ні есці, ні піць, ужо не можаш плакаць, раніцай устаць з ложка, баішся і не хочаш выходзіць з дому. Як растлумачыць, што ты часта не разумееш, пра што ў цябе пытаюцца, не памятаеш, што адказаў. Кожная фатаграфія або рэч выклікае боль, які адчуваеш амаль фізічна. Я не ведаю, жыццё ці гэта - болей, існаванне».

Святлана Завадская: «Гатовая займацца хоць чым, толькі б не думаць, не думаць. Кладуся спаць як мага пазней, але і ў сне думкі пра яго не пакідаюць мяне. З тых часоў, як ён знік, у мяне ўвесь час высокая тэмпература. Магчыма, ад перажыванняў. Але я баюся паказацца лекару. А раптам са мной штосьці сур'ёзнае? Што тады з сынам будзе?

Штораніцы дастаю з-пад падушкі Юры Дзімавы фатаграфіі. Кажа, што хоча, каб тата паспаў з ім. У таямніцы ад мяне штодзень, сыходзячы ў школу, цалуе Дзімаў партрэт. Бо Дзіма для яго быў усім».

Людміла Карпенка: «Часам мне здаецца, што не Гена, а я павінна была памерці. Здаецца, што ён мог бы зрабіць для дзяцей больш, чым я, такая...

Мне так страшна заставацца адной у пустой кватэры, бо я тут магу толькі плакаць, гледзячы на рэчы мужа. Падазраю, што мой тэлефон праслухоўваецца. Шмат хто са старых знаёмых баіцца нават пераступіць парог маёй кватэры. А калі і прыходзяць, то просяць мяне выйсці на вуліцу. Баяцца, што і кватэра на «праслухоўванні».

Алена Захаранка: «Мама стала вельмі нэрвовай, плача нават у сне: адбіваюцца два гады невядомасці. Калі б вы ведалі, як гэта невыносна, пакутліва балюча не ведаць, што з татам. Страшна зайздросціць гэтаму, але Людміла Карпенка можа хоць бы прыйсці на магілу свайго мужа, пакласці кветкі... Мне не даюць спакою мае сны. Я прачынаюся ад уласнага крыку, і нават у сне пытаюся: «Тата, дзе ты?». Чакаць ужо няма змогі. Няма жадання змагацца за жыццё».

Вы заўважылі, як часта гэтыя жанчыны кажуць аб сненнях? Калі невыносна, ты спадзяешся хоць у сне знайсці заспакаенне. Але нічога не выходзіць - там ты таксама шукаеш, крычыш, плачаш.

Памятаю адзін сон пра свайго калегу Алега Бябеніна. З дня ягонай смерці прайшло больш за тры месяцы, я ўжо сядзела ў турме КДБ. І вось там я ўбачыла яго ў сне. Стаю ў чарзе ў нейкай краме, падышоў Алег - збіты, са страшнымі ранамі. Гаварыць не можа, працягвае руку, на якой чарнілам напісана: «Я - журналіст. Дапамажыце!».

У 2001-м Ірына Красоўская прызнавалася, што наогул не любіць даваць інтэрв'ю. Але зрабіла гэта для таго, каб людзі адчулі, што ў нашым жыцці адбываецца нешта вусцішнае. Пакуль гэта іх не закранула гэтак жа, як і яе.

«Нельга заплюшчваць вочы на тое, што адбываецца, - казала яна. - Я ж таксама, як і яны, не думала, што гэта можа адбыцца са мной. Кожны можа стаць наступным...»

І наступныя былі.

І наступныя будуць, калі мы не спынім іх.

Я ўвесь час думаю, што давала змогу маці плошчы Мая ў Буэнас-Айрэсе выйсці на вуліцы ў белых хустках (напраўду гэта былі дзіцячыя пялюшкі) падчас жорсткага панавання Хорхэ Відэлы. За час знаходжання хунты ва ўладзе ў Аргентыне былі арыштаваныя або выкрадзеныя блізу 30 тысяч чалавек.

Першай выйшла Асусэна Вільяфлор. З ёй жорстка расправіліся. Але людзі далей выходзілі на плошчу Мая датуль, пакуль рэжым Відэлы не зруйнаваўся.

Цяпер не 1970-я. Захад не такі глухі да нашых праблем, як тады ў дачыненні да лацінаамэрыканскіх рэжымаў. Мы выходзілі на плошчы. Толькі 4 гады таму нас там было 50 тысяч. Значыць, зноў можа быць столькі ж і ў шмат разоў больш.

Сябе і сваіх блізкіх трэба абараняць. Выбару ў нас няма.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка сайта charter97.org

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках