Расейскі бізнэсовец адновіць старадаўнюю сядзібу ў Відзах на Браслаўшчыне
5- 30.09.2014, 9:46
- 8,104
У Відзах з удзелам расейскага капіталу адновяць старадаўнюю сядзібу, дзе калісьці праводзіліся SPA-працэдуры, а таксама была магчымасць прыняць ванну з мінеральнымі водамі.
Пра гэта паведаміла старшыня праўлення БГА «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова.
Апошнімі гады цікавасць бізнэсу да падобных праектаў істотна ўзрасла. «Праект ужо ў стадыі рэалізацыі, - распавяла эксперт, - аднак гаварыць аб высокай рэнтабельнасці гэтага бізнэсу на пачатковым этапе пакуль нельга».
Акрамя таго, інвестары сталі больш актыўна ўкладваць сродкі ў стварэнне аграсядзібаў. «У краіне пастаянна расце колькасць аграсядзібаў, і да нас цяпер прыходзяць людзі з вялікім капіталам, якія ўкладаюць грошы ў беларускую вёску. Гэтыя выдаткі хутка не акупяцца, паколькі стварыць сядзібу - гэта даволі стратная справа. Як правіла, такія турыстычныя комплексы ствараюцца там, дзе раней ужо размяшчаліся сядзібы. Я вельмі спадзяюся, што гэтая новая хваля ўпрыгожыць аблічча беларускай вёскі», - сказала старшыня праўлення БГА «Адпачынак у вёсцы».
«Заможныя людзі гатовыя ўкладваць сродкі ў аднаўленне такіх аб'ектаў, думаю, гэтая тэндэнцыя не памрэ, а наадварот, будзе распаўсюджвацца, і Беларусь будзе краінай замкаў і сядзіб», - цытуе Кліцунова БелТА.