Помнік Мулявіну ўсталююць у Екацярынбургу 6 кастрычніка
4- 30.09.2014, 16:54
- 4,711
Помнік народнаму артысту і заснавальніку беларускага ансамбля "Песняры" Уладзіміру Мулявіну ўсталююць на яго радзіме ў Екацярынбургу 6 кастрычніка.
Пра гэта паведаміў БелТА кіраўнік екацярынбургскага аддзялення пасольства Беларусі ў Расеі дарадца Віктар Палянін.
Першапачаткова ўрачыстую цырымонію планавалася правесці 29 верасня. Са слоў дыпламата, перанос даты звязаны са зменамі ў працоўным графіку губернатара Свярдлоўскай вобласці Яўгена Куйвашава, які мае намер асабіста ўзяць удзел у адкрыцці помніка Уладзіміру Мулявіну.
Кампазіцыя створаная паводле праекта беларускага скульптара Сяргея Логвіна. Чатырохметровая скульптура адлюстроўвае артыста ў сцэнічным касцюме і з электрагітарай у руках.
Помнік будзе ўсталяваны ў цэнтры Екацярынбурга на алеі, якая вядзе да білетных кас кінаканцэртнага тэатра "Космас". У 2013 годзе на екацярынбургскай "Плошчы зорак" была закладзеная імянная пліта Уладзіміра Мулявіна.