6 траўня 2024, панядзелак, 5:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэпутатам Дзярждумы РФ прапанавалі надзець какошнікі

23
Дэпутатам Дзярждумы РФ прапанавалі надзець какошнікі

У Дзяржаўнай думе Расеі ў рамках цыкла лекцый, прымеркаваных да Года культуры ў РФ, адбыўся выступ мастацтвазнаўцы і гісторыка моды Аляксандра Васільева.

Ён вядомы і як вядоўца тэлеперадачы "Модны прысуд". Лекцыя была прысвечаная расейскай модзе, нацыянальным асаблівасцям у стылі. Васільеў даў жаночай частцы Дзярждумы рэкамендацыі, у якім уборы выходзіць замуж, і распавёў пра дрэс-код, дарэчны ў ніжэйшай палаце парламента, піша NEWSru.com.

Як адзначае "Інтэрфакс", "ніводнае парламенцкае слуханне не праходзіла ў Малой зале ніжэйшай палаты парламента пры такім аншлагу". Лекцыя Васільева называлася "Расейкі стыль у модзе". Гаворка, натуральна, зайшла аб какошніку, праўда, не зусім звычайным - перлавым.

"Хопіць насіць на галаве пластыкавыя кветкі з Ганконга; вы ўсе маеце права замовіць сабе перлавы какошнік паводле старадаўняга малюнку і выглядаць хоць бы аднойчы прыстойна ў жыцці", - звярнуўся з трыбуны да жанчын Дзярждумы Васільеў.

Ён заўважыў, што ніхто з расеяк не можа пахваліцца тым, што ў яе ёсць у сям'і фамільны какошнік. "Але гэта не значыць, што вы не можаце пачаць гэтую традыцыю, хоць бы з вашага вясельнага строю", - падкрэсліў ён, дадаўшы, што можна "хоць бы ў шлюбным уборы прытрымлівацца расейскай традыцыі".

Таксама важнае пытанне, якое закрануў Васільеў, тычыцца адзення, якое варта насіць дэпутатам, у прыватнасці, жаночы дрэс-код. Экспэрт рэкамендаваў не адзяваць міні, высокія абцасы і не хадзіць з распушчанымі валасамі. "Калі вы прыходзіце на працу з мэтай пазнаёміцца з кімсьці, то тады я не супраць. Але я не думаю, што Дзярждума - месца для знаёмстваў", - заявіў Васільеў. "Дарэмна", - запярэчыла яму чалец камітэта культуры, расейская оперная спявачка Марыя Максакава-Ігенбергс.

Агулам, на думку Васільева, расейкі стараюцца адзявацца больш эфектна і выглядаць больш прывабна, чым, напрыклад, іх аднагодкі ў еўрапейскіх краінах. Ён таксама адзначыў, што ў Расеі жанчыны здаўна любяць сябе упрыгожваць, у тым ліку каштоўнымі камянямі.

Аднак Васільеў адзначыў, што раней кожная жанчына ведала: "брыльянт - гэта зімовы, а не гадавы камень, і яго можна насіць толькі пасля пяці, калі запальваецца штучнае святло - святло газавай лямпы або свечкі - і брыльянты па-сапраўднаму пераліваюцца". Ён параіў дэпутатам: "Мая вам парада сёння - адмоўцеся ад нашэння брыльянтаў у ранішнія гадзіны, гэта выглядае вульгарна і часта недарэчна".

На думку Васільева, імкненне жанчын часцей выглядаць прывабна звязана з "адсоткавымі прапорцыямі ў Расеі жанчын і мужчын". "Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Расеі пражывае блізу 55% жанчын - на 45% мужчын. Гэта значыць, калі верыць гэтай статыстыцы, у Расеі не стае 17 мільёнаў мужчын для таго, каб усе жанчыны былі шчаслівыя", - панаракаў ён.

Варта дадаць, што Васільеў зрабіў нават некаторыя прагнозы што да раскладу сіл на сусветнай арэне. "Я думаю, што будучыня нашая не такая радасная, як распавядаюць, - сказаў ён. - Маё меркаванне, што будучыня будзе хутчэй мусульманскай, чым праваслаўнай; а наступны крок будзе кітайскім, бо мы цяпер робім усё каб гэтую краіну (Кітай. - Заўвага . NEWSru.com) паставіць на ногі і зрабіць велізарным цмокам". Ён, аднак, спахапіўся: "Гэта маё асабістае меркаванне, я не з'яўляюся палітыкам, я гісторык моды; не магу адказваць за свае словы".

Варта адзначыць, што дэпутатаў Дзярждумы, з усяго відаць, імкнуцца завабліваць у будынак ніжэйшай палаты не толькі прыняццем рэзанансных законаў, але і цікавымі забаўкамі. Так, у сярэдзіне верасня з'явілася інфармацыя, што ў апараце Думы можа з'явіцца свой хор.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках