«Прэм'ер» ДНР Захарчанка едзе ў Менск
37- 5.09.2014, 12:36
- 12,971
На паседжанні «кантактнай групы» што да Украіны, якая пройдзе сёння ў Менску, сепаратыстаў будзе прадстаўляць Аляксандр Захарчанка.
Пра гэта паведаміў «Интерфаксу» «дэпутат вярхоўнага савета» ДНР Міраслаў Рудэнка. З ягоных слоў, удзельнікі пасяджэння могуць узгадніць пастанову аб мірным урэгуляванні, якое базуецца на тэзісах аб спыненні агню і абмене ваеннапалоннымі.
«Мяркуецца, што ключавымі тэзісамі выніковай пастановы, якая можа абмяркоўвацца на перамовах у Менску і можа быць узгодненая таксама ўдзельнікамі гэтых перамоваў, стане выпрацоўка механізму абмену палоннымі ў фармаце «усіх на ўсіх», узмацненне маніторынгу назіральнікаў АБСЭ за вайсковай сітуацыяй, адвядзеннем Кіевам вайсковых падраздзяленняў ад населеных пунктаў на тэрыторыі ДНР і ЛНР і, нарэшце, увядзенне рэжыму спынення агню або прымірэння», - заявіў Рудэнка.
Між тым, паводле ягоных звестак, украінскія вайскоўцы пакуль не спынілі баявыя дзеянні на тэрыторыі ДНР.
«Учора на Харцызску быў нанесены ўдар ракетай «Кропка У», яна не разарвалася цалкам. У выніку пацярпеў мужчына, які знаходзіўся побач з месцам яе падзення. У населеным пункце Шчасце адзін з батальёнаў Нацыянальнай гвардыі замініраваў электрападстанцыю і абяцае падарваць яе ў выпадку адступлення. Ад абстрэлу пацярпела некалькі раёнаў Данецка і Макееўкі. Пакуль не падобна, што ўкраінскія вайскоўцы знізілі градус агрэсіі», - сказаў Рудэнка.
Фота: AP Photo/Sergei Grits