4 траўня 2024, Субота, 15:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дыяне Арбенінай за салідарнасць з Украінай забараняюць выступаць у Расеі

3
Дыяне Арбенінай за салідарнасць з Украінай забараняюць выступаць у Расеі

Выступ лідара «Начных снайпераў» на маскоўскім фестывалі «Букмаркет» адменены «з незалежных ад выканаўцаў прычын».

На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» Дыяна Арбеніна напісала: «Апошнія навіны дзівяць сюррэалізмам - сёння мне ўжо забаранілі чытаць вершы. Прасілі сказаць вам, што я не магу «з тэхнічных прычын». Да гэтага два тыдні 24-гадзіннага кашмару: кожны дзень мы змагаліся за гарады, і кожную ноч гарады гінулі. Мне забаранілі выступаць практычна ўсюды на тэрыторыі Расеі. Мне прыпісваюць хлусню пра падтрымку бандытаў-фашыстаў-нацыяналістаў і іншай шушары. Хлусяць пра тое, што я прасіла прабачэння (барані Божа браць на сябе такую ношу) за Расею. Распавядаюць даверлівым, якія сядзяць перад тэлевізарам, пра амерыканскага мужа і гастролі ва Украіне. Хлусні няма канца».

Спявачка адзначыла, што канцэрт групы ў «Зялёным тэатры» з нагоды дня горада пакуль не адмянілі, пішуць grani.ru.

Арбеніна стала гераіняй перадачы НТВ «13 сяброў хунты», паказанай 24 жніўня. У ліпені Арбеніна выступіла ў Кіеве, дзе папрасіла прабачэння за расейскіх музыкаў, якія не падтрымалі Украіну ў вайне з Расеяй. Аўтары фільма на НТВ таксама намякалі на магчымае амерыканскае грамадзянства дзяцей Арбенінай.

«Паколькі я ведала, што многія рокеры адмянялі канцэрты, я выйшла і сказала - клёва, што вы паверылі, што я прыеду, і папрасіла прабачэння за сваіх калег, якія спалохаліся і не прыехалі. Вось і ўсё. Але, я цябе запэўніваю, што людзі прыйшлі, паслухалі музыку, і разышліся, упэўненыя ў тым, што нашы брацкія народы немагчыма проста так пасварыць. Бо існуе ваяўнічая частка, якая фашыствуе, і ў той жа час існуе мірнае насельніцтва. І людзі, якія выконваюць музыку, у прыватнасці, рок-музыку, абавязаныя ім казаць - «супакойцеся і давайце мірна суіснаваць», інакш пачнецца грамадзянская вайна. Вось я, напрыклад, гэтага не хачу», - пракаментавала Арбеніна сваю пазіцыю ў інтэрв'ю «Камсамольскай праўдзе».

Пасля паказу фільма на НТВ быў адменены канцэрт «Начных снайпераў» ва Уладзіміры, Арбеніна пазбавілася месца ў журы конкурсу «Артыст» на канале «Расея».

Дыяна Арбеніна нарадзілася ў Валожыне Менскай вобласці ў 1974 годзе. У далейшым разам з бацькамі жыла ў некалькіх гарадах на Чукотцы і Калыме. Паступіла на філалагічны факультэт Магаданскага педагагічнага інстытута. У 1993 годзе пазнаёмілася са Святланай Сурганавай, з якой яны стварылі групу «Начныя снайперы», праз год пераехала ў Санкт-Пецярбург. Скончыла філалагічны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта.

Гурт атрымаў шырокую вядомасць пасля выхаду альбома «Рубеж» у 2001 годзе. У канцы 2002 года з праекта сышла Сурганава, Арбеніна засталася адзінай вакалісткай і аўтаркай песень у «Начных снайперах», пераехала ў Маскву. За час свайго існавання гурт выпусціў 11 афіцыйных альбомаў. Арбеніна выступае таксама сольна, выпускае зборнікі ўласных вершаў.

Лаўрэатка незалежнай прэміі ў галіне літаратуры і мастацтва «Трыюмф». Атрымала званне народнай артысткі Чачэнскай рэспублікі за выступ у 2005 годзе ў Гудэрмесе. У траўні 2011 года ўзяла ўдзел у музычным шоў-праекце «Голас країни» ўкраінскага канала «1+1» у якасці зорнага трэнера. Удзельнічала ў некалькіх праектах расейскага тэлебачання ў галіне шоў-бізнэсу.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках