30 красавiка 2024, aўторак, 19:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанія хоча пабудаваць каcмапорт у Шатландыі

2
Брытанія хоча пабудаваць каcмапорт у Шатландыі

Згодна з новым планам брытанскага ўрада ў Шатландыі можа быць размешчаная першая база касмічных караблёў Злучанага Каралеўства.

У планы брытанскіх уладаў уваходзіць будаўніцтва базы ўжо да 2018 года. Яна стане першым у сваім родзе портам касмічных караблёў, размешчаным за межамі ЗША. У шортліст магчымых пляцовак для базы ўвайшлі восем аэрапортаў Вялікай Брытаніі, шэсць з якіх знаходзяцца ў Шатландыі, паведамляе BBC.

На думку шатландскага ўрада, развіццё касмічнай індустрыі краіны можа палепшыць толькі яе незалежнасць.

Галоўная цікавасць у збудаванні касмадрома для Злучанага каралеўства заключаецца ў магчымасці запуску спадарожнікаў. Таксама база можа стаць цэнтрам новага віду турызму, які праводзіцца такімі спецыялізаванымі аператарамі, як кампаніі Virgin Galactic і XCor.

Асаблівая роля Шатландыі

Брытанскі міністр фінансаў Дэні Аляксандр намякнуў на планы ўрада ў дачыненні да Шатландыі напярэдадні афіцыйнай заяўкі на авіяшоў у Фарнбаро. З ягоных слоў, Шатландыя можа гуляць ключавую ролю ў развіцці сектара камерцыйных падарожжаў у космас. "Я шчаслівы, што ўрад працуе над планам стварэння касмічнага порта ў Злучаным каралеўстве да 2018 года. Касмічныя парты стануць ключом да канчатковага адкрыцця межаў камерцыйнага наведвання космасу, - заявіў Дэні Аляксандр - Касмічная індустрыя Брытаніі з'яўляецца прыкладам вялікага поспеху, і я ўпэўнены, што ў будучыні Шатландыя будзе адыгрываць у гэтым асаблівую ролю".

Раней на гэтым тыдні з касмадрома "Байканур" у Казахстане быў паспяхова запушчаны спадарожнік Ukube-1, створаны фірмай Clyde Space з Глазга. Ён стаў першым касмічным апаратам, цалкам сабраным у Шатландыі.

Паводле звестак брытанскага ўрада, касмічны сектар з'яўляецца галіной індустрыі Злучанага каралеўства, якая найбольш хутка развіваецца. Паводле апублікаваных лічбаў, ён штогод прыносіць брытанскай эканоміцы 11 мільярдаў фунтаў і дае працу 34 тысячам спецыялістаў, павялічыўшы з 2011 года колькасць працоўных месцаў на 9%.

Да 2030 года ўрад Брытаніі плануе завалодаць 10% сусветнага касмічнага рынку і стварыць яшчэ 100 000 працоўных месцаў.

Незалежнасць умацуе індустрыю?

"Наш дамінуючы ў свеце, амбіцыйны касмічны сектар квітнее, - адзначыў брытанскі міністр у справах бізнэсу Вінс Кейбл. - На гэтым тыдні мы аб'явім аб наступных кроках у касмічнай гонцы нашай краіны. Мы таксама раскрыем планы што да таго, якім чынам здзейснім велізарны скачок для стварэння першага касмічнага порта Брытаніі да 2018 года".

Навіна была станоўча ўспрынятая шатландскім урадам. У сваёй заяве яго прадстаўнікі адзначылі, што растучая касмічная індустрыя Шатландыі будзе ўмацаваная ў выпадку, калі 18 верасня Шатландыя прагаласуе за незалежнасць.

"У дзень запуску спадарожніка UKube-1 была надрукаваная справаздача доктара Малькольма Макдональда з касмічнага інстытута Стратклайд. У ёй гаварылася, што ўжо праз некалькі гадоў незалежнасць Шатландыі будзе штогод прыносіць яе касмічнай індустрыі ад 15 да 20 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў, а ў доўгатэрміновай перспектыве і 100 мільярдаў фунтаў", - заявіла прадстаўніца ўрада Шатландыі.

"Шатландыя працягвае даказваць, што ў яе ёсць неабходныя веды для прыцягнення і падтрымкі гтакой спецыялізаванай сусветнай індустрыі. Незалежная Шатландыя стане прывабнай магчымасцю для піянераў касмічнага порта", - дадала яна.

Фота з архіву

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках