5 траўня 2024, Нядзеля, 22:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Паганяйла: Следчыя былі гатовыя раскрыць справы выкрадзеных за два тыдні

12
Гары Паганяйла: Следчыя былі гатовыя раскрыць справы выкрадзеных за два тыдні

Сёлета сканчаецца 15-гадовы тэрмін з моманту выкрадання палітычных апанэнтаў Лукашэнкі.

У сувязі з гэтым сайт ucpb.org звярнуўся да вядомага праваабаронцы Гары Паганяйлы, які некалі быў адвакатам сем'яў зніклых палітыкаў.

- Мяркуецца, што сёлета, у верасні, мінае 15-гадовы тэрмін даўніны спраў зніклых палітыкаў. Калі ён сканчаецца?

- Паводле гэтых спраў ён не скончыцца. У гвалтоўных знікненнях тэрмін даўніны для следства не дзейнічае. Трэба падчас расследавання выявіць асоб, вінаватых у гвалтоўным выкраданні, або знайсці труп выкрадзенага, каб канчаткова вызначыцца, што адбылося, дзе чалавек. Бо ён дагэтуль адшукваецца. Таму вышуковыя мерапрыемствы будуць праводзіцца да той пары, пакуль не будзе пастаўленая кропка: што ж адбылося з гэтым схопленым. Яго забілі? А менавіта за забойства распачатая крымінальная справа, хоць мы маем факт проста гвалтоўнага знікнення. Ці чалавек жывы і будзе знойдзены - такое таксама ў гісторыі крыміналістыкі здараецца. Таму проста так справу на паліцу, у архіў не спішуць.

Але следства ў справе можа быць прыпыненае. Прыпыненае акурат на гэтых падставах: у сувязі з нявышукам гэтага чалавека ці ж у сувязі з невысвятленнем вінаватых асоб у ягоным выкраданні.

Што адбываецца вось цяпер са справай Завадскага? Судом прызнана, што яго выкралі. Група Ігнатовіча, у якой быў і Малік, яшчэ як мінімум 4 чалавекі. Гэта значыць, колькасць удзельнікаў злачыннай групы высветленая - 6 чалавек. Аднак абвінавачаныя пакуль двое і асуджаныя толькі двое, але што стала з Дзімам Завадскім пасля таго, як яго выкралі, пасля таго, як яго незаконна пазбавілі волі, што?

- Так і невядома?

- Невядома. Двое сядзяць у турме, чатыры чалавекі не высветленыя. І як спісаць гэту справу? Куды яе спісаць?

- Такая нізкая кваліфікацыя ў нашых следчых? Як такое можа быць?

- Гэта не проста нізкая кваліфікацыя. Я баюся, што ў гэтай канкрэтнай справе на Маліка і на Ігнатовіча гэты эпізод пачапілі, баючыся гневу Лукашэнку - памятаеце, ён жорстка загадаў знайсці асоб, вінаватых у выкраданні Дзімы. Вось такія асобы ўжо нібыта названыя і асуджаныя - Малік і Ігнатовіч. А што з Дзімам далей - невядома.

Калі б рэальна яны былі б вінаватыя ў выкраданні, у перадачы Дзімы або ягонага цела ну, можна выказаць здагадку - чачэнскім ваеўнікам ці яшчэ камусьці, то гэтыя факты можна было б у часе следства высветліць. Ну, скажам груба, развязаць язык абвінавачаным, а цяпер асуджаным, якія цяпер знаходзяцца ва ўладзе гэтых жа структур, якія і закліканыя праводзіць канчатковае расследаванне. Мы ведаем, што Ігнатовіч асуджаны на пажыццёвае зняволенне, Малік, калі памяць не хібіць, на 22 гады. На працягу гэтага часу можна было б дамовіцца з тым жа Малікам, напрыклад, аб прыняцці да яго нейкіх дадатковых ільготных і варункаў утрымання, і ўмоўна-датэрміновага вызвалення і г.д. у абмен на супрацоўніцтва са следствам, звязаным з пошукам і высвятленнем, што ж здарылася з Дзімам Завадскім.

Сапраўды такім жа чынам толькі ад улады залежыць дзейснае расследаванне спраў аб знікненні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Адна з рабочых версій, падмацаваных довадамі, названая, яна ёсць у следства. Ёю валодаюць і грамадскія аб'яднанні, і грамадзяне, і пацярпелыя - гэта палітычна матываванае выкраданне, якое арганізоўвалі і ў якім бралі ўдзел сілавыя структуры, людзі, наўпрост падначаленыя як прэзідэнту, так і сілавым структурам - міністру ўнутраных спраў, службе бяспекі прэзідэнта, КДБ і г.д.

- А прозвішчы гэтых людзей мы можам назваць?

- Вядома. Гэта, перш за ўсё, сам Лукашэнка, гэта ў той час сакратар Рады бяспекі Шэйман, гэта міністр унутраных спраў Сівакоў, гэта экс-начальнік службы бяспекі Лукашэнкі Васільчанка, чые людзі знаходзіліся ў ахоўванні тых месцаў, адкуль выкрадаліся людзі, як гэта піша ў сваім рапарце нам.міністра ўнутраных спраў, начальнік крымінальнай паліцыі Лапацік, гэта Навумаў, які таксама ўзначальваў структурнае падраздзяленне службы бяспекі, гэта Паўлічэнка.

Так што падазраваныя вядомыя. У справе так і не прынятая, напрыклад, пастанова аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы супраць гэтых асоб, аб спыненні крымінальнага пераследу супраць гэтых асоб з абгрунтаваннем іхняй невінаватасці. Такога працэсуальнага дакумэнта няма. Пацярпелым і грамадзянам не даюць матэрыялы для азнаямлення паводле тых хадайніцтваў, якія прапаноўваліся для расследавання. Я думаю, гэта робіцца свядома.

Бо, як нам казалі следчыя, якія мелі дачыненне да гэтай справы: «У прынцыпе, нам таксама ўсё вядома. Нам досыць двух тыдняў для заканчэння расследавання і выстаўлення абвінавачвання асобам, якія маюць дачыненне да гэтых злачынстваў. Але няма палітычнай волі ні ў цэнтральнага гульца гэтай сітуацыі, ні ў адпаведных міністраў і Генеральнага пракурора для таго, каб справу закончыць.

- Адпаведна, мы можам канстатаваць, што палітычная воля пры гэтым кіраўніцтве краіны не з'явіцца, улічваючы асобы, падазраваныя ва ўчыненні злачынства. Адпаведна, мы даведаемся пра вінаватых толькі...

- Пры змене ўлады. Пры дэмакратычнай улады, якая будзе здольная закончыць расследаванне ў гэтых справах і падаць адпаведныя довады і накіраваць справу ў суд. А там - публічны суд акурат і пакажа, як гэта было.

- І яшчэ раз мы падкрэсліваем, што тэрміну даўніны за гэтыя злачынствы няма.

- Не. І не таму, што мы ацэньваем іх як злачынствы супраць чалавечнасці, а таму, што такое наша нацыянальнае заканадаўства, паводле якога справы аб гвалтоўным выкраданні не могуць быць спыненыя, пакуль не высветленыя вось гэтыя два факты: дзе чалавек ці ягонае цела, і хто вінаваты ў выкраданні.

Гісторыя паказвае, што гэткія выпадкі ў шмат якіх краінах адбываліся, і справы гэтыя раскрываліся праз дзесяцігоддзі. І называліся канкрэтныя асобы, і ў шэрагу выпадкаў яны паўставалі перад судом.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках