18 красавiка 2024, Чацвер, 13:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ананіч: Сфера інтэрнэту ў Беларусі стала падкантрольнай дзяржаве

90
Ананіч: Сфера інтэрнэту ў Беларусі стала падкантрольнай дзяржаве

На думку міністаркі інфармацыі, інтэрнэт павінен "служыць Айчыне".

Міністарка інфармацыі выказалася на тэму драконаўскіх паправак у закон аб СМІ падчас онлайн-канферэнцыі на сайце БелТА.

Паводле гэтых паправак у Беларусі можа быць заблакаваны ўсялякі інтэрнэт-рэсурс за адное папярэджанне і без суда.

"Трэба служыць Айчыне"

"Нацыянальная інфармацыйная прастора цалкам павінна служыць сваёй краіне і свайму народу. Калі хочаце, гэта называецца служэннем Айчыне. Адсюль і задача стварэння больш дзейсных механізмаў забеспячэння канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне поўнай і дакладнай інфармацыі, абароны грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў у сферы масавых камунікацый.

Менавіта таму на першы план у мінулым годзе былі вынесеныя пытанні ўдасканалення заканадаўства ў сферы СМІ, стварэння дзейсных бар'ераў для папярэджання дэструктыўных праяваў у інфармацыйнай сферы.

Вы ведаеце, што ў мінулым годзе пры міністэрстве запрацавала камісія для вызначэння ў друкаванай прадукцыі прыкмет наяўнасці/адсутнасці экстрэмізму. У канцы года кіраўніком дзяржавы падпісаныя змены і дапаўненні ў закон аб СМІ.

Сфера інтэрнэту стала падкантрольнай дзяржаве. За распаўсюджванне інфармацыі трэба несці адказнасць. І, са зразумелых прычын, не ўсім гэта падабаецца", - сказала Ананіч.

"Адказнасць нясуць усе"

Уладальнікі сайтаў-агрэгатараў нароўні з іншымі нясуць адказнасць за інфармацыю, якая размяшчаецца, заявіла міністарка інфармацыі.

"Уладальнікі сайтаў-агрэгатараў нароўні з уладальнікамі іншых сайтаў нясуць адказнасць", - сказала міністарка. Яна таксама патлумачыла, што абставіны, якія пазбаўляюць ад адказнасці, прапісаныя ў арт.52 закона аб СМІ.

Лілія Ананіч дадала, што ўладальнікам інфармацыйных рэсурсаў няма патрэбы звяртацца па якую-небудзь дазвольную працэдуру ў Міністэрства інфармацыі. "Інфармацыйныя рэсурсы як працавалі, так і будуць далей працаваць. Аднак уладальнікам варта звярнуць увагу на тое, што яны абавязаныя не дапускаць выкарыстання іх інфармацыйных рэсурсаў для распаўсюджвання інфармацыі, змест якой супярэчыць патрабаванням закона аб СМІ", - сказала міністарка.

Акрамя таго, яна паведаміла, што з моманту ўступлення ў дзеянне змяненняў у закон "Аб сродках масавай інфармацыі" Мінінфарм праводзіць маніторынг інтэрнэт-сайтаў на прадмет распаўсюджвання супрацьпраўнай інфармацыі. Закон дае трохмесячны тэрмін для вынясення пісьмовага папярэджання.

"Трэба адзначыць, што грамадзяне вельмі актыўна ўключыліся ў гэтую працу, і ў адрас Мінінфарма кожны дзень паступаюць адпаведныя звароты", - падкрэсліла міністр.

Аб карыкатурах Charlie Hebdo

Міністэрства інфармацыі Беларусі ацэніць абгрунтаванасць перадруку карыкатур на прарока Мухамеда некаторымі беларускімі СМІ, заявіла Ананіч.

"У знак салідарнасці пэўныя СМІ таксама апублікавалі карыкатуры. А ці трэба было? Якія карыкатуры? Думаю, павінна быць грамадская ацэнка, грамадскае ганьбаванне. Трэба ўсю ўладу выкарыстаць, каб не дапускаць тэрарызму ў якой бы там ні было краіне", - заявіла міністарка.

Яна падкрэсліла, што міністэрства мае намер правесці аналіз рэакцыі асобных СМІ рэспублікі на тэракт у рэдакцыі штотыднёвіка Charlie Hebdo у Францыі, падчас якога загінулі людзі.

"Калі забіваюць людзей - гэта недапушчальна. І ўсё адно, якімі матывамі кіраваліся тэрарысты. Недапушчальны тэрарызм. Але я заўсёды аналізую, што паслужыла прычынай", - дадала міністарка.

Ананіч нагадала, што ў 2005-2006 гадах адное з беларускіх СМІ апублікавала карыкатуры на прарока Мухамеда. За гэтым, са слоў міністаркі, рушыла следам "вельмі жорсткая адэкватная рэакцыя дзяржавы, непапулярная ў пэўнай асяроддзі".

Адказны за гэтую публікацыю быў асуджаны судом да 3 гадоў пазбаўлення волі, "якія на практыцы выліліся ў тры месяцы". Гэта жорстка. Але, з іншага боку, дзяржава павінна спыняць у самым зародку праявы экстрэмізму", - падкрэсліла кіраўніца Мінінфарма.

Яна таксама адзначыла, што не сачыла за публікацыямі Charlie Hebdo. "Але думаю, што імкненне хадзіць па лязе нажа там прысутнічала. Як паказала практыка, гэта скончылася канкрэтнай людской трагедыяй. Мы ўсе павінны думаць пра тое, як адгукнецца нашае слова", - сказала Ананіч.

Аб фрылансерах-дармаедах

Фрылансер, які выплачвае падаткі не будзе ўважацца за дармаеда.

"Я не думаю, што "закон аб дармаедстве"- гэта пагроза для фрылансераў. Калі пазаштатнікі будуць плаціць падаткі, ніякіх праблем не будзе", - сказала Лілія Ананіч.

На думку міністаркі інфармацыі, нельга ўсё жыццё быць фрылансерам. "Маё перакананне, прафесія журналіста - гэта прыналежнасць да пэўнага сродку масавай інфармацыі. Камусьці блізкія погляды грамадска-палітычнай прэсы, а хтосьці выдатна адчувае сябе ў сегменце выданняў для вольнага часу. Чалавек у нейкі перыяд жыцця можа быць фрылансерам, але я не ўяўляю, што можна ім быць усё жыццё. Мне б не ставала карпаратыўнасці, стасункаў з калегамі, абмену досведам", - адзначыла яна.

Лілія Ананіч нагадала, што раней у кожнага сродка масавай інфармацыі былі свае пазаштатныя карэспандэнты. "Ад гэтага выданні толькі здабывалі, бо і вока замыліцца рэдакцыйнае, і тэмы не ўсе ўлоўліваюцца, і не ўсюды можна даехаць", - дадала кіраўніца ўстановы.

Кіраўніца Мінінфарма звярнула ўвагу, што рэдакцыі СМІ таксама павінны паклапаціцца, каб права фрылансера быць журналістам абаранялася.

Аб каментарах чытачоў

"Паводле закону аб СМІ адказнасць нясе ўладальнік сайта. Орган дзяржаўнага кіравання, які абавязаны праводзіць кантроль за выкананнем заканадаўства ў гэтай сферы, будзе выносіць уладальнікам рэсурсаў папярэджанне, калі ў каментарах змяшчаецца інфармацыя, распаўсюд якой забаронены законам, альбо чыніць шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам , альбо мае непраўдзівыя звесткі, абразлівую інфармацыю. Калі на канкрэтным рэсурсе, у канкрэтным каментары будзе абражаны канкрэтны грамадзянін, то гэты чалавек мае права падаць у суд на аўтара. Адна адказнасць не паглынае іншую, цяпер Міністэрства інфармацыі вызначае пералік нарматыўных прававых актаў, якія патрабуюць удакладнення пасля прыняцця закона аб СМІ", - сказала Ананіч.

Замежныя СМІ будуць блакавацца нароўні з беларускімі

На пытанне, пра інфармацыю, размешчаную на замежным інтэрнэт-рэсурсе, які не мае дачынення да Беларусі, але падпадае пад дзеянне закона аб СМІ, ці будуць ужывацца да гэтага рэсурсу такія захады, як абмежаванне доступу і вынясенне папярэджання, Ананіч адказала:

"Будуць, бо дзеянне закона аб СМІ распаўсюджваецца на ўсе сродкі масавай інфармацыі, даступныя ў нашай краіне. Гэта тычыцца і друкаваных, і электронных рэсурсаў. Іншая рэч, якая эфектыўнасць гэтага ўздзеяння і захадаў, трэба шукаць пэўнага ўладальніка інтэрнэт-рэсурсу, калі інфармацыя на такім рэсурсе не будзе ісці ў разрэз з нацыянальнымі інтарэсамі нашай краіны.

Кожны працэс патрабуе глыбокага заканадаўчага аналізу, і прававая ўжывальная практыка сапраўды таксама патрабуе глыбокага асэнсавання. І хацела б адзначыць, што менавіта ў гэтым сіла нацыянальнага заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі. Дзяржава, бачачы дэструктыўныя праявы, выносіць свой вердыкт, роўна як і тыя, каго гэта тычыцца, маюць права абараняць свае інтарэсы ў адпаведнасці з заканадаўствам".

Напісаць каментар 90

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках