Краіны ЕЗ дамовіліся аб супрацьдзеянні расейскай прапагандзе
3- 20.01.2015, 9:47
- 6,831
Кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі пацвердзіла намер стварэння СМІ для рускамоўнай аўдыторыі краін «Усходняга партнёрства».
Пра гэта заявіла высокая прадстаўніца ЕЗ у пытаннях замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі Федэрыка Магерыні. Яна распавяла пра дамоўленасці сярод краін ЕЗ супрацьстаяць расейскай прапагандзе, і канкрэтныя крокі будуць зробленыя бліжэйшым часам. Пра гэта Федэрыка Магерыні заявіла напярэдадні ў Брусэлі на прэс-канферэнцыі пасля завяршэння пасяджэння Рады ЕЗ у пытаннях замежных спраў, паведамляе УНИАН.
«Мы дамовіліся працаваць над стратэгічнымі кантактамі, каб супрацьстаяць расейскай прапагандзе. Мы не займаемся контрпрапагандай. Форма гэтага, ці то тэлевізійная або ў выглядзе падтрымкі свабоды сродкаў масавай інфармацыі рэгіёну, цяпер - у працэсе падрыхтоўкі», - паведаміла Магерыні.
З яе слоў, канкрэтныя крокі будуць зробленыя бліжэйшым часам. Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі пры гэтым адзначыла, што ў выпадку стварэння рускамоўных СМІ, яны будуць накіраваныя на аўдыторыю краін «Усходняга партнёрства».
Нагадаем, раней паведамлялася, што Літва, Вялікабрытанія, Данія і Эстонія звярнуліся да Еўракамісіі з заклікам распрацаваць план дзеянняў у барацьбе з расейскай прапагандысцкай кампаніяй.