Дарадца Парашэнкі распавёў, як Украіне перамагчы ў «гібрыднай вайне»
26- 24.01.2015, 17:15
- 71,135
Задача Украіны ў цяперашнім асімэтрычным супрацьстаянні з Расеяй у Данбасе - знясіліць супраціўніка.
Таксама трэба забяспечыць дамінаванне палітычнай волі Кіева ў праблемных рэгіёнах. Пра гэта ў артыкуле для ZN.ua піша Уладзімір Гарбулін, дарадца прэзідэнта Украіны, дырэктар Нацыянальнага інстытута стратэгічных даследаванняў, акадэмік НАН Украіны, доктар тэхнічных навук, прафэсар.
Як піша аўтар, разам з тым цяперашняя прыярытэтная задача - даць дзейсны і змястоўны адказ перш за ўсё на вайсковую, а таксама на інфармацыйную агрэсію супраць Украіны.
"У вайсковай сфэры шмат будзе залежаць ад вонкавых чыннікаў (у тым ліку міжнароднай дапамогі). Мусібыць, Украіна будзе і надалей мець патрэбу ў істотнай падтрымцы з боку сваіх партнёраў менавіта ў вайсковай сфэры, каб быць гатовай да вайсковага адпору ў выпадку далейшай эскалацыі вайсковага складніка "гібрыднай вайны", - піша Гарбулін.
Не менш важная задача фармавання сістэмы аналізу пагроз і абароны крытычнай інфраструктуры, таму, на думку дарадцы прэзідэнта, абарона аб'ектаў энэргетычнай інфраструктуры (асабліва ў зоне, набліжанай да АТА) павінна стаць адным з прыярытэтаў для дзяржавы.
Больш цэласнай павінна стаць рэакцыя і на інфармацыйную агрэсію. Павінна быць узмоцненая і рэалізацыя дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі на акупаваных расейскімі войскамі тэрыторыях, упэўнены Гарбулін.
"Супрацьстаяць Расеі ў "гібрыднай вайне" будзе цяжка. Супраціўнік рыхтаваўся да гэтага супрацьстаяння гадамі і дакладна ведае, чаго хоча. Аднак дзяржава павінна навучыцца процідзейнічаць выклікам "гібрыднай вайны". Калі ў гэтым супрацьстаянні не будзе перамогі, мы заўсёды будзем мець справу з самааднаўляльнай гідрай , якая з'яўляецца на месцы ўжо нібыта пераможанага супраціўніка", - піша аўтар артыкула.