Баевікоў ДНР і ЛНР клічуць у Менск на перамовы
26- 25.01.2015, 13:04
- 26,686
Кантактная група па Украіне прапануе прадстаўнікам груповак правесці тэрміновую сустрэчу ў Менску.
«Трохбаковая кантактная група настойвае на тым, што баявыя дзеянні ва ўсходняй Украіне павінны быць неадкладна спыненыя і ўсе ўдзельнікі, якія падпісалі дакументы ў Менску, павінны сустрэцца для беспасярэдніх перамоваў як мага хутчэй, але не пазней пачатку наступнага тыдня», - гаворыцца ў заяве групы , якую цытуе агенцтва «Інтэрфакс-Украіна».
У суботу сябры трохбаковай кантактнай групы (прадстаўнікі Украіны, Расеі і АБСЕ) абмеркавалі ў Кіеве абвастрэнне сітуацыі на ўсходзе Украіны, у прыватнасці - абстрэл Марыупаля.
«Кантактная група гатовая да такой сустрэчы з усімі бакамі, якія падпісалі дакументы ў Менску, у любы час», - гаворыцца ў заяве.
Баевікі адмаўляюць сваё дачыненне да абстрэлу Марыупаля. У той жа час аб тым, што набоі прыляцелі з тэрыторыі, падкантрольнай сепаратыстам, ужо заявілі як у Генпракуратуры Украіны і Мінабароны, так і ў Еўракамісіі.
У выніку абстрэлу Марыупаля ў суботу загінулі не менш за 27 чалавек.