19 красавiка 2024, Пятніца, 9:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Джэніфер Псакі: Санкцыі разбуральна ўздзейнічаюць на эканоміку Расеі

6
Джэніфер Псакі: Санкцыі разбуральна ўздзейнічаюць на эканоміку Расеі

Мэта ЗША не ў тым, каб ізаляваць Расею, а ў тым, каб яна змяніла свае паводзіны.

Цяперашні геапалітычны крызіс Расея сканструявала сама, і толькі ў яе руках магчымасць змяніць стаўленне сусветнай супольнасці, сцвярджае афіцыйная прадстаўніца Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Джэніфер Псакі у інтэрв'ю выданню meduza.io.

Як адзначыла ў размове прадстаўніца Дзярждэпу, агрэсію ініцыюе расейскі бок і сепаратысты, "чыімі рукамі Расея вядзе нелегальныя баявыя дзеянні" на тэрыторыі Украіны, і ў ЗША "няма ніякіх сумневаў, што адказнасць і за пачатак, і за развіццё гэтага канфлікту ляжыць на Расеі".

Псакі таксама нагадала, што ЗША не робіць адрознення паміж дзеяннямі баевікоў і дзеяннямі Расеі. "Для нас відавочна, што паміж сепаратыстамі ва Украіне і Расеяй існуе простая сувязь", - сказала амерыканка, заявіўшы, што няма сэнсу верыць на слова прадстаўнікам расейскага кіраўніцтва, якія сцвярджаюць, што Расея не пастаўляе на ўсход Украіны вайсковую тэхніку.

Са слоў Псакі, расейская інтэрвенцыя ва Украіну "незаконная", і як сябра сусветнай супольнасці ЗША "не могуць стаяць у баку і рабіць выгляд, што ўсё ў парадку", бо да гэтага часу множныя заявы расейскіх уладаў не былі падмацаваныя справамі. Раней у тым жа духу выказалася прэм'ер-міністр Латвіі Лаймдота Страўюма.

Рашэнні, прынятыя Расеяй, прывялі да яе ізаляцыі, як палітычнай, так і фінансавай, сцвярджае Псакі. "Без сумневу, санкцыі, як амерыканскія, так і еўрапейскія, аказваюць разбуральнае ўздзеянне на эканоміку Расеі", - сказала яна, дадаўшы, што санкцыі ЗША адносна ініцыятара вайны на ўсходзе Украіны могуць быць перагледжаныя толькі пасля дээскалацыі агрэсіі з расейскага боку.

"Важна разумець, што нашая мэта не заключаецца ў ізаляцыі Расеі. Нашая мэта - пакласці канец разбуральным дзеянням Расеі ва Украіне. У Расеі ёсць выбар, і, як вы ведаеце, не толькі ЗША, але і многія сябры Еўрапейскай супольнасці казалі: санкцыі ўведзеныя ў адказ на вашыя дзеянні, але, калі вы зменіце свае паводзіны, вернецеся да выканання Менскіх пагадненняў, мы памяняем свой адказ", - заявіла яна.

Адказваючы на пытанне журналіста выдання аб выстаўленні доказаў удзелу РФ у ваеннай агрэсіі, Псакі адказала, што ў ЗША "няма задачы спрачацца з Расеяй - ні ў гэтым пытанні, ні ў якім-небудзь іншым", і што ўсе доказы даўно сабраныя прадстаўнікамі міжнародных арганізацый.

"Доказы? Міжнародныя арганізацыі, якія там працуюць - АБСЕ, NATO і іншыя - ясна кажуць, хто стаіць за тымі ці іншымі дзеяннямі ва Украіне", - адказала яна.

Разам з тым, на думку Псакі, праблемы супрацьстаяння NATO і Расеі не існуе. "Мы маем справу з занепакоенасцю - на наш погляд, абгрунтаванай - краін Усходняй Еўропы ў сувязі з дзеяннямі і рыторыкай Расеі. І мы вельмі спадзяемся, што Расея пойдзе па шляху дээскалацыі канфлікту", - удакладніла чыноўніца.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках