25 красавiка 2024, Чацвер, 15:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі дыпламат: Наша краіна апынулася паміж молатам і кавадлам

209
Беларускі дыпламат: Наша краіна апынулася паміж молатам і кавадлам

Супрацоўнік беларускай амбасады ў Вашынгтоне просіць грошай у ЗША.

Часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША Павел Шыдлоўскі зрабіў шэраг гучных заяў падчас выступу на канферэнцыі Атлантычнай рады, прысвечанай праблемам Усходняга партнёрства 30 студзеня. Прынамсі, кіраўнік беларускай амбасады прызнаў праблемы з дэмакратыяй у Беларусі, аднак папрасіў «працягнуць руку дапамогі», бо незалежнасць краіны знаходзіцца пад пагрозай, паведамляе «Наша Ніва».

Сярод выступоўцаў на канферэнцыі былі былы еўракамісар у пытаннях палітыкі суседства Штэфан Фюле, былая кіраўніца МЗС Гішпаніі Ганна Палас, старшыня камітэта ў міжнародных справах Еўрапарламента Элмар Брок і кіраўнік камітэта ў правах чалавека Вярхоўнай рады Украіны Рыгор Немыра.

Часовы павераны Беларусі Павел Шыдлоўскі знаходзіўся ў глядзельнай зале і пасля выступаў удзельнікаў дыскусіі ўзяў мікрафон, прадставіўся і падзякаваў арганізатарам за запрашэнне, а таксама за «гарачы абмен думкамі».

«Зноў усё крытыкуюць Беларусь за праблемы з правамі чалавека. Так, у нас ёсць праблемы з правамі чалавека, праблемы з дэмакратыяй. Усё не так ідэальна, як магло б быць. Мы робім усё, што можам, каб палепшыць сітуацыю з правамі чалавека. Але ў сённяшняй сітуацыі важна, што на коне сам наш суверэнітэт, наша незалежнасць», - заявіў Шыдлоўскі.

У такой сітуацыі, працягнуў ён, Беларусь неабходна далучаць у супрацоўніцтва і з ЕЗ, і з Расеяй. «Таму я прапаную ўсім выступоўцам прызнаць асаблівае месца Беларусі, яе асаблівую ролю ў гэты момант і працягнуць ёй руку дапамогі ў той эканамічнай сітуацыі, у якой яна апынулася ў сувязі з эканамічнымі праблемамі ў Расеі», - сказаў беларускі дыпламат.

Ён заявіў, што Беларусь шануе павагу да яе суверэнітэту, і зноў заклікаў пачаць супрацоўнічаць з Беларуссю.

Праз некаторы час адзін з удзельнікаў канферэнцыі, украінскі дэпутат Рыгор Немыра спытаў беларускага дыпламата, хто менавіта пагражае беларускай незалежнасці. Пакуль Шыдлоўскаму перадавалі мікрафон, узнікла паўза і хтосьці сказаў: «Літва». Гэта выклікала смех у зале.

Беларускі дыпламат, у сваю чаргу, адказаў, што наша краіна апынулася паміж молатам і кавадлам. Вайна, як сказаў Аляксандр Лукашэнка, ідзе ля самых нашых межаў, а на захад ад Беларусі пачалася гонка ўзбраенняў. Таму, паўтарыў Шыдлоўскі, Беларусь адчувае пагрозу свайму суверэнітэту і незалежнасці.

Яго перапыталі, што менавіта стала прычынай такой занепакоенасці: нестабільнасць або канкрэтная краіна. На гэта беларускі дыпламат адказаў: «Нестабільнасць, не канкрэтна краіна. Я не буду называць канкрэтныя краіны. Нестабільнасць, непрадказальнасць, гонка ўзбраенняў на захад ад нас. Мы павінны разумець, што адбываецца, што гэта не накіравана супраць нас, што наша краіна не стане разменнай манетай у гэтай геапалітычнай гульні, і што мы не страцім незалежнасць".

Менавіта таму, падкрэсліў Шыдлоўскі, Беларусь унесла змены ў закон аб вайсковым становішчы, якія павінны ўвайсці ў дзеянне 1 лютага. «Гэты закон вызначае асаблівыя падставы для аб'яўлення ваеннага становішча ў краіне», - дадаў кіраўнік беларускай амбасады.

Напісаць каментар 209

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках