18 красавiка 2024, Чацвер, 18:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцебскія назіральнікі: Людзей у пунктах было мала

4

Улады сцвярджаюць, што амаль 40% выбаршчыкаў Віцебскай вобласці прыйшлі на пункты падчас датэрміновага галасавання.

Гэта - афіцыйная лічба Цэнтрвыбаркама, паведамляе «Радыё Свабода».

За кошт чаго дасягнулі такіх высокіх паказчыкаў?

Назіральнік ад Партыі левых «Справядлівы свет» Вадзім Кузьмін перакананы, што сваю ролю адыграў ціск на студэнтаў ВНУ. У пункце №47 Першамайскага раёна, які месціцца ў тэхналагічным універсітэце, на працягу першай гадзіны дня выбараў не прагаласавала і дзясятка чалавек, кажа назіральнік:

«Было чалавек 6 або наогул 4. Няма люду. Вось у першы дзень, калі студэнты цэлымі групамі ішлі, было 200 чалавек. І ў наступныя - па 170, па 150 чалавек. У суботу, калі студэнты паехалі дадому, было ўжо 40 з лішкам. А сёння наогул мала, мала люду».

Людзей было няшмат, хоць заваблівалі і буфетам з гарэлкай, і канцэртам мастацкай самадзейнасці. Самадзейным артыстам, кажа Кузьмін, выступаць практычна не было перад кім.

Як выйшаў такі высокі прыход - пытанне адкрытае. Выбаршчыкі знайшлі ў пункце №61 Першамайскага раёна вельмі незвычайную рэч - паперку з подпісам старшыні камісіі і аднаго з чальцоў. Як раз такімі паперкамі заляплялі на ноч скрыні падчас датэрміновага галасавання. Назаўтра шчыліну для бюлетэняў мусілі адчыняць зноў, раздзіраючы папяровыя «пломбы». Але гэтая паперка засталася цэлай. Магчыма, яна «запасная», мяркуе назіральнік Вадзім Кузьмін. На той выпадак, калі трэба замяніць падраную паперку на непашкоджаную. Кузьмін прапанаваў таксама ставіць і свой подпіс, каб прадухіліць усякія маніпуляцыі з скрынямі ўначы. Аднак яму ні разу не далі на гэта згоды. Дарэчы, дзялянка №61 - тая самая, дзе пасля першага дня галасавання «знайшліся» 100 лішніх бюлетэняў.

Калі верыць афіцыйным паведамленнях БелТА, у дзень «выбараў» сцэнічныя пляцоўкі гарадоў і раёнаў вобласці павінны забаўляць публіку яскравымі і разнастайнымі канцэртна-забаўляльнымі праграмамі. Аднак у Віцебску ўсё ціха, і на цэнтральных сцэнічных пляцоўках пуста. Затое даволі людна ў крамах. Паводле чутак, напярэдадні «выбараў» на ўсіх прадпрыемствах выдалі заробак - нават на тых, якія завінаваціліся перад работнікамі не за адзін месяц.

Падчас «выбараў» у рэгіёне выкарыстоўваецца 3816 скрынь для галасавання, з якіх палова (1987) - празрыстыя. Назіральніца Алена Шабуня сцвярджае, што гэта дазволіла ёй зафіксаваць фальсіфікацыі. Сфатаграфаваўшы скрыню ўчора ўвечары і сёння раніцай, яна напісала заяву ў пракуратуру. Бо перакананая: на фотаздымках добра відаць, што бюлетэні ранкам ляжаць зусім не так, як іх пакідалі ўвечары.

Назіральніцы патлумачылі, што ейную заяву будзе вывучаць Следчы камітэт.

На закрытым пункце - у гарадской лякарні №2 - мог бы прагаласаваць вядомы віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда. Але ён - сталы прыхільнік байкоту, і гэты свой прынцып ён вытрымаў, адмовіўшыся ісці на «выбары». З лякарні яшчэ не выгналі і нават абеду не пазбавілі, жартуе спадар Барыс:

«Я думаў, што да хворых будуць прыходзіць з скрыняй ў палату. Але не - сказалі, каб падрыхтавалі пашпарты ды ішлі галасаваць самі. Я сказаў, што галасаваць не буду. Яны спыталі маё прозвішча, запісалі яго. У нашай палаце я такі адзін. А колькі нас ва ўсёй лякарні, я не ведаю. Але з размоў тут паміж хворымі я зразумеў, што Лукашэнка не вельмі ў пашане, вядома».

Шмат хто з віцяблян вызначае гэтую выбарчую кампанію як «вельмі сумную». Людзі не вераць, што іхні голас можа нейкім чынам паўплываць на вынік «выбараў». Мала вераць кандыдатам, прычым усім чатыром. І калі кажуць аб заўтрашнім дні, то не пра тое, што можа змяніцца прэзідэнт краіны. А хіба пра трывогу, што падвысяцца кошты ў крамах, вымкнуць цяпло ў кватэрах або здарыцца яшчэ нешта такое, што не паверне іхняе жыццё да лепшага.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках