28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Злосць і прэтэнзіі да ўлады будуць толькі нарастаць

20
Зміцер Бандарэнка: Злосць і прэтэнзіі да ўлады будуць толькі нарастаць
Фота: «Наша Ніва»

З боку ярмошынскага Цэнтрвыбаркаму агучаная жахлівая хлусня ў гэбельсаўскім стылі.

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Як вы пракаментуеце псеўдавыбары ў Беларусі і іх вынікі?

- Спроба Лукашэнкі прадэманстраваць, што ў Беларусі ўжо пабудаваны паўночнакарэйскі рэжым і за яго прагаласавала 90 адсоткаў беларусаў пры 90-адсоткавым прыходзе, правалілася. Я глядзеў мноства інфармацыйных сюжэтаў па сусветных тэлеканалах - у рэпартажах з Беларусі паказваюць пустыя ўчасткі для галасавання, акцыі пратэсту 10 і 11 кастрычніка, кажуць, што апазіцыя байкатавала гэты фарс і смяюцца са звестак, якія агучваюць беларускія ўлады. Так што спадабацца Захаду дыктатару не ўдалося - дэмакратычны свет разумее, што сутнасць рэжыму Лукашэнкі не змянілася.

Калі казаць пра ўнутраныя вынікі, мы сталі сведкамі гідкай кампаніі прымусу беларусаў да галасавання, у першую чаргу, залежных катэгорый насельніцтва. І, вядома, з боку ярмошынскага Цэнтрвыбаркаму была агучаная жахлівая хлусня ў гэбельсаўскім стылі. Але нават калі ўспомніць выбары 2010 года, то вы можаце параўнаць, колькі тады было людзей на ўчастках і колькі цяпер. Большасць беларусаў не вераць лічбам, якія агучылі ўлады.

Галоўныя спосабы фальсіфікацый - скарачэнне спісаў выбаршчыкаў на дзясяткі адсоткаў, датэрміновае галасаванне, галасаванне дома.

Так, пакуль узурпатар захаваў крэсла, але думаю, што да канца гэтага тэрміну ён не пратрымаецца.

- А чаму вы так думаеце? Якія для гэтага ёсць перадумовы?

- Для гэтага існуюць эканамічныя перадумовы. За апошнія некалькі гадоў, нягледзячы на прагнозы і пяцігадовыя планы (пра тое, што ВУП штогод будзе расці на 10 адсоткаў, а за пяць гадоў - на 70-80 адсоткаў), гэтага не адбылося, і ВУП краіны цягам апошніх пяці гадоў нават скараціўся.

Расея ўвязалася ў некалькі ваенных канфліктаў і ўжо не ў стане нават індэксаваць пенсіі, таму дапамогі Лукашэнку не будзе. Расейскі рынак - галоўны для Беларусі - таксама значна скараціўся.

Палітычна ж гэтая аперацыя па прымусу да галасавання створыць для Лукашэнкі праблемы нават большыя, чым у 2010 годзе, бо ён ўмяшаўся ў жыццё многіх людзей праз ціск на працоўных месцах, ва ўніверсітэтах, інтэрнатах. Злосць і прэтэнзіі да ўлады будуць толькі нарастаць, і дыктатар сутыкнецца з пратэстамі і незадаволенасцю вельмі шырокіх слаёў насельніцтва.

- Увечары 11 кастрычніка ў цэнтр Менска нечакана выйшлі людзі. Іх было некалькі соцень. Чаму пратэстоўцаў было няшмат?

- Пасля выбараў людзі выходзяць на плошчу па прызыву кандыдатаў у прэзідэнты. Так як цяпер ніякіх дэмакратычных кандыдатаў не было, а былі толькі засланыя казачкі і кандыдатка ад спецслужбаў, то масавай гэтая акцыя ў прынцыпе быць не магла. Але тое, што гэтыя некалькі соцень чалавек, выйшлі і прайшлі сімвалічным маршрутам - ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці - кажа пра тое, што дух супраціву не зламаны.

Я ганаруся, што ў гэтай акцыі ўзялі ўдзел мае сябры і паплечнікі па руху «Зубр» і «Еўрапейскай Беларусі». Імёны гэтых людзей застануцца ў гісторыі, як калісьці выхад людзей на Красную плошчу ў 1968 годзе. Таму што і дыктатар асабіста пагражаў гэтым людзям, і краіна не акрыяла ад рэпрэсій, якія адбываюцца апошнія гады.

Палітычная сітуацыя ў Беларусі вельмі блізкая да сітуацыі ў акупаваным Крыме і тое, што знаходзяцца сотні людзей, якія выйшлі 11 кастрычніка і тысячы чалавек, якія выйшлі 10-га, кажа пра тое, што Беларусь жывая і супраціў дыктатуры будзе прадаўжацца.

- Учора ў студыі «Радыё Свабода» Мікалай Статкевіч заклікаў да адказнасці незалежных журналістаў і палітолагаў, якія падтрымалі праект улады пад назвай «выбары», актыўна раскручваючы гэтую тэму ў медыя і фактычна падштурхоўваючы людзей да ўдзелу ў гэтым фарсе. Як вы гэта пракаментуеце?

- Я цалкам падтрымліваю Мікалая Статкевіча. У гэтай кампаніі згвалтавання беларускага народа, якую арганізавалі ўлады, на жаль, узялі ўдзел і незалежныя журналісты, і палітолагі. Гэтая была кампанія па прымусе да ўдзелу ў «выбарах», калі людзям пагражалі звальненнем з працы, выключэннем з універсітэтаў, рэпрэсіямі супраць родных і блізкіх. І да гэтай кампаніі, на жаль, падключыліся многія так званыя незалежныя журналісты - яны сталі зазываламі на гэты працэс. Яны казалі: ну, нічога страшнага, гэта не зусім згвалтаванне, пацярпіце, Пуцін з танкамі, напэўна, значна горш. Столькі хвалебных артыкулаў у адрас Лукашэнкі, колькі было напісана імі падчас гэтай выбарчай кампаніі, даўно не было. Тое, што яны рабілі, ляжыць за гранню чалавечай маралі. Гэтыя людзі маюць канал для ўплыву на розумы людзей, і іх амаральнасць наносіць велізарную шкоду.

У гэтай кампаніі я ганаруся палітыкамі, якіх вельмі часта крытыкуюць і журналісты, і палітолагі. Цяпер беларускія дэмакратычныя палітыкі пачалі працэс вяртання да маральных вытокаў - яны аб'ядналіся ў непрызнанні гэтага выбарчага фарсу. Многія лідары беларускіх партый, рухаў і арганізацый прайшлі праз турмы. Турма ачышчае. Мы ведаем, як у турмах і калоніях спецслужбы маніпулююць людзьмі, і аналогіі з тымі працэсамі, што адбываліся ў «зонах», мы сёння назіраем і ў жыцці ў Беларусі.

- Учора апазіцыя абвясціла кампанію «Улада - народу». Акцыі пратэсту будуць прадаўжацца?

- Упэўнены, што акцыі будуць прадаўжацца. Гэта будзе звязана і з пагаршэннем сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, і з тым, што неабходна змагацца за змяненне выбарчага заканадаўства. Зноў жа заслугоўвае павагі пазіцыя Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева і Анатоля Лябедзькі, якія заявілі, што калі не будзе зменены Выбарчы кодэкс, то апазіцыя не будзе ўдзельнічаць у парламенцкай кампаніі.

Сёння беларуская апазіцыя вяртае сабе суб'ектнасць і ўнутры краіны, бо праявіла мужнасць падчас гэтай кампаніі, правяла некалькі несанкцыянаваных акцый пратэсту, і па-за краінай - калі нягледзячы на розных дарадцаў і лабістаў Лукашэнкі, лідары дэмакратычнай апазіцыі адстойваюць інтарэсы і суб'ектнасць беларускага народа. Гэта дае надзею на тое, што сітуацыя ў Беларусі будзе мяняцца.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках