20 красавiка 2024, Субота, 0:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Парушэнні ахоўнай зоны Курапатаў Генпракуратуру не цікавяць?

4
Парушэнні ахоўнай зоны Курапатаў Генпракуратуру не цікавяць?

Актывістам грамадзянскай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў», адмоўлена ў сустрэчы з генеральным пракурорам Аляксандрам Канюком.

Пра гэта гаворыцца ў лісце намесніка генпракурора Аляксандра Лашына, паведамляе «Новы час».

Сваю пазіцыю генпракурор матываваў пунктам 4 Інструкцыі аб парадку асабістага прыёму грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб у Генпракуратуры, зацверджанай загадам №2 генпракурора ад 31 студзеня 2012: асабісты прыём генпракурорам у наглядным скаргах на судовыя пастановы, пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія ўтрымліваюць адпаведную просьбу, праводзіцца пасля прыёму намеснікам генпракурора і прыняцця ім адпаведнага рашэння паводле папярэдніх скаргаў аналагічнага характару.

У гэтай сітуацыі экспэрты ў абарону Курапатаў будуць у найбліжэйшы час звяртацца ў Генпракуратуру з пісьмовай заявай аб сустрэчы з адным з намеснікаў генпракурора.

Нагадаем, што 4 верасня культуролаг Вацлаў Арэшка, філолаг Вінцук Вячорка, археолаг Валянціна Вяргей, грамадскі актывіст Алесь Макаў, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч і Марат Гаравы звярнуліся да Аляксандра Канюка з заявай аб прыёме.

У заяве, прынамсі, распавядалася, што 4 снежня 2014 года грамадзяне прапанавалі Генпракуратуры правесці адпаведную праверку і распачаць крымінальную справу паводле прыкмет злачынства, прадугледжаных артыкулам 425 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Бяздзейнасць службовай асобы»), альбо іншага артыкула Крымінальнага кодэкса ў дачыненні да службовых асоб, якія не выканалі прадпісанне Генпракуратуры № 0703-05д-18745 «Аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай каштоўнасці, прычын і ўмоў, якія ім спрыяюць», накіраванае Менскаму аблвыканкаму 27 лістапада 2012 года.

Гэта прадстаўленне было вынесенае ў сувязі з тым, што падчас будаўніцтва аб'екта прыдарожнага сэрвісу з былой назвай «Бульбаш-хол» СТАА «БелРестИнвест» самавольна і незаконна ўзвяла на недатыкальнай тэрыторыі ахоўнай зоны нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930 - 1940 гадоў ва ўрочышчы Курапаты» з іх заходняга боку шэраг новых аб'ектаў (чатыры домікі модульнага тыпу, частку будынку рэстарана і дзіцячую пляцоўку), што не маюць ніякага дачынення да каштоўнасці.

Зварот грамадзян ад 4 снежня быў выкліканы тым, што на выкананне прадстаўлення Генпракуратуры Менаблвыканкама быў дадзены адзін месяц, аднак і праз 24 месяцы прадстаўленне не было выкананае. Пра гэта сведчыў той факт, што на момант звароту на недатыкальнай тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў знаходзіліся аб'екты, незаконнае і самавольнае ўзвядзенне якіх стала прычынай вынясення Генпракуратурай яе прадстаўлення.

Аднак адказы супрацоўнікаў Генпракуратуры В.Д. Клімава ад 2014/12/24 г, А.М. Лашына ад 2015/02/10 г і 2015/03/10 г сведчаць пра тое, што зварот грамадзян так і застаўся не разгледжаным па сутнасці.

23 красавіка 2015 года грамадскія актывісты звярнуліся ў Генеральную пракуратуру з просьбай правесці праверку з нагоды распачынання крымінальнай справы ў дачыненні да асоб, якія ўзвядзеннем на 51-м кіламетры МКАД аб'екту прыдарожнага сэрвісу з першапачатковай назвай «Бульбаш-хол» стварылі пагрозу Курапатам і зняважылі гэтую гісторыка -культурную каштоўнасць.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках