4 траўня 2024, Субота, 7:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менская Асмолаўка можа атрымаць статус культурна-гістарычнай спадчыны

2
Менская Асмолаўка можа атрымаць статус культурна-гістарычнай спадчыны
ФОТА: ONLINER.BY

Кварталу Асмолаўкі ў Менску можа быць нададзены статус культурна-гістарычнай спадчыны.

Пра гэта паведаміў журналістам 14 кастрычніка на прэзентацыі карэкціроўкі генеральнага плана Менска галоўны архітэктар УП «Мінскграда» Аляксандр Акенцьеў, піша БелаПАН.

Галоўны архітэктар адзначыў, што да 2030 года аб'ём «выбыцця» жылля складзе 1 млн. кв. м, у тым ліку 400 тыс. кв. м - знос сядзібнай забудовы, 400 тыс. кв. м - перабудова першых паверхаў жылых будынкаў пад аб'екты грамадскага харчавання, бытавых паслуг і г.д., 200 тыс. кв. м - «выбыццё двух- і трохпавярховай забудовы, якая мае высокі ўзровень фізічнага зносу». «Выключэннем можа стаць Асмолаўка, вакол якой шмат падзей. Кварталу можа быць нададзены статус культурна-гістарычнай спадчыны, і ён можа захавацца», - сказаў Акенцьеў.

«Для таго каб абараніць Асмолаўку, павінна быць заканадаўчая падстава, чым можа стаць прызнанне каштоўнасці квартала. Гэта робім не мы, не горадабудаўнікі, а гэта пытанне Міністэрства культуры. Мы толькі рэкамендуем», - адзначыў ён.

Як паведамлялася раней, больш за тысячу жыхароў Менска падпісалі інтэрнэт-петыцыю ў абарону Асмолаўкі. Гэты раён гістарычнага цэнтра горада ўяўляе сабой два невялікія кварталы, абмежаваныя вуліцамі Камуністычнай, Куйбышава, Кісялёва і Максіма Багдановіча і разрэзаных вуліцай Чычэрына. Спраектаваў раён, які будаваўся з канца 1940-х да пачатку 1950-х гадоў, менскі архітэктар Асмалоўскі для высокапастаўленых чыноўнікаў, супрацоўнікаў тагачаснага штаба Беларускай вайсковай акругі.

«Раён унікальны тым, - тлумачыць старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, - што тут у асноўным узведзеныя дамы паводле тыпавых праектаў - гэта першыя тыпавыя дамы ў Менску, якія з'явіліся разам з жылой забудовай раёнаў трактарнага і аўтамабільнага заводаў. Але ў параўнанні з гэтымі раёнамі Асмолаўка кампактна забудаваная, і яе можна назваць першым спальным раёнам Менска».

На думку экспэрта, забудова тут хоць і тыпавая, але мае выразныя мастацкія рысы і па сваёй планіровачнай структуры, архітэктурнай марфалогіі гэты раён з'яўляецца вельмі каштоўным у горадабудаўнічым плане. Некалькі разоў таварыства аховы помнікаў звярталася ў Мінкультуры з прапановамі аб наданні раёну статусу культурна-гістарычнай спадчыны, але з розных фармальных прычын міністэрства адмаўляла ў гэтым.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках