19 красавiка 2024, Пятніца, 15:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Межы Курапатаў пазначылі бел-чырвона-белымі стужкамі

Межы Курапатаў пазначылі бел-чырвона-белымі стужкамі

Актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» пазначылі на мясцовасці межы «Дарогі смерці».

Гэта стала магчымым у выніку пастановы Міністэрства культуры ад 1 снежня 2014 года, якая зацвердзіла новыя межы ахоўнай зоны Курапатаў, паведамляе «Радыё Свабода».

У адпаведнасці з гэтай пастановай, а таксама згодна з картаграфічнымі матэрыяламі спецыялісты выразна вызначылі «Дарогу смерці» і пазначылі яе калкамі з бел-чырвона-белымі стужкамі.

Асобна была пазначаная ўсходняя мяжа ахоўнай зоны Курапатаў. Такімі ж пазнакамі межаў дарога будзе вызначаная на ўсёй яе працягласці, каб яна была бачнай і з цягам часу стала часткай курапацкага мэмарыялу, сказаў адзін з ініцыятараў акцыі Марат Гаравы:

«Вядома, пакуль гэта ўсё, што мы можам зрабіць на сёння, але мы будзем дамагацца мемарыялізацыі гэтага месца. «Дарога смерці" стане часткай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-1941 гадоў ва ўрочышчы Курапаты». Мы будзем дамагацца, каб яна была ўключаная ў склад урочышча Курапаты».

«Дарога смерці» шырынёй тры метры - гэта дарога, праз якую сталінскія карнікі вазілі на расстрэл у Курапаты грамадзянскіх жыхароў Беларусі. На сёння гэта ралля, але каля мяжы Курапатаў частка дарогі засталася ў першапачатковым выглядзе. Пазнака мяжы ахоўнай зоны Курапатаў засталася ў шасці метрах ад «Дарогі смерці». Удзел у акцыі прынялі вядомыя дзеячы мастацтва і актывісты: скульптар Алесь Шацернік, мастакі Аляксей Марачкін і Мікола Купава, кіраўнік Беларускага асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, грамадскія актывісты Вацлаў Арэшка, Марат Гаравы ды іншыя. Адзін з удзельнікаў акцыі, мастак Мікола Купава адзначыў:

«Вызначэнне дакладных межаў «Дарогі смерці» - гэта ўдакладненне і пачатак новага жыцця курапацкага некропаля. Гэтай акцыяй мы хочам напоўніць яго яшчэ большай канкрэтыкай і зместам. Бо мемарыялізацыя Курапатаў далёка няпоўная і непаўсюдная. Спадзяемся, што гэта стане часткай працы ў выяўленні поўнай колькасці расстраляных людзей, а таксама тых, хто прапаў без вестак, і тых, хто гаспадарыў у Курапатах. Гэта павінна стаць пачаткам больш асэнсаванага мемарыяла».

Актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» таксама стварылі аргкамітэт у правядзенні дакументальна-мастацкай выставы пад назвай «Праўда пра Курапаты. Факты. Дакументы Сведчанні», якая адкрыецца ў Менску 30 кастрычніка. Падчас выставы яны плануюць абвясціць пачатак Нацыянальнага конкурсу ў мемарыялізацыі Курапатаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках