24 красавiка 2024, Серада, 18:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Віцебску знішчылі графіці, якое было сімвалам незалежнай журналістыкі

4

Вядомае графіці зафарбавалі: замест трох клетак, з якіх вырываліся на волю зробленыя з газеты птушкі, цяпер тры няроўныя шэрыя квадраты.

Відавочна, што малюнак знішчаны знарок, не праз якія-небудзь эстэтычныя меркаванні. Казаць пра добраўпарадкаванне даўно закінутага будынка раённага дома культуры не выходзіць. Ён зачынены на рамонт ўжо некалькі гадоў, тут дзе-нідзе няма вокнаў, даўно не фарбаваныя сцены - у разводах і плямах, і графіці з птушкамі і клеткамі было хоць нейкім аздабленнем гэтага маркотнага кутка. Пра гэта сайту charter97.org паведамілі ў прэс-службе Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Дарэчы, яшчэ адно графіці засталося некранутым - з дзяўчынкай, якой спадар росту «дзядзька Сцёпа-міліцыянт» дорыць паветраны шарык.

Імаверна, мясцовы райаддзел міліцыі і меў нейкае дачыненне да зафарбоўкі клетак і птушак, зробленых з газеты. Бо дзякуючы гэтаму малюнку і супрацоўнік Чыгуначнага райаддзела міліцыі Аляксандр Рыбакоў, і суддзя Чыгуначнага райсуду атрымалі шырокую вядомасць - за тое, што расцанілі фотасесію на фоне графіці «з птушкамі і клеткамі» як не санкцыянаваную акцыю віцебскіх журналістаў і актывістаў.

5 лістапада мінулага года, калі па ўсім свеце праходзілі акцыі салідарнасці «Абаронім журналістыку», якія арганізуюцца з ініцыятывы Міжнароднай федэрацыі журналістаў (МФЖ) і прысвячаюцца барацьбе журналістаў за свае правы, віцебскія сябры БАЖ размясцілі ў Фэйсбуку здымкі сваёй фотасесіі-перформансу. Яны прыйшлі фатаграфавацца з папяровымі клеткамі і птушкамі-арыгамі, зробленымі з газеты. Ідэя фотасесіі палягае ў тым, каб прадоўжыць закрануць мастаком-графіцістам тэму.

Журналісты сфатаграфаваліся, «выпускаючы» за папяровыя краты свабодных газетных птушак. А ў канцы перформансу былі разарваныя і самі клеткі.

Праз два тыдні ўдзельнікаў фотасесіі адшукала міліцыя. На кожнага склалі пратакол за ўдзел у не санкцыянаванай акцыі - так расцаніў фотасесію маёр міліцыі Аляксандр Рыбакоў. А крыху пазней суд Чыгуначнага раёна Віцебска (суддзі Алена Цыганкова і Дзяніс Губанаў) пакараў журналістаў і актывістаў. Нібыта за ўдзел у не санкцыянаванай акцыі штрафы атрымалі журналісты Дзмітрый Казакевіч, Алена Сцяпанава, Канстанцін Мардвінцаў - па 20 базавых адзінак, Алену Шабуню пакаралі штрафам у 18 базавых адзінак, каардынатарку аргкамітэту для стварэння партыі БХД Таццяну Севярынец і праваабаронцу Паўла Левінава аштрафавалі на 25 базавых адзінак кожнага. Выпадковы мінак Пётр Берлінаў, які далучыўся да фотасесіі выпадкова, наогул быў асуджаны на трое дзён арышту.

Справы за фатаграфаванне «з птушкамі і клеткамі» набылі шырокі грамадскі рэзананс, у тым ліку, міжнародны. Еўрапейская федэрацыя журналістаў (ЕФЖ) і ГА БАЖ выступілі з адкрытым лістом у падтрымку ўдзельнікаў фотасесіі. А прадстаўнікі IFJ правялі акцыю салідарнасці з віцебскімі калегамі - паўтарылі іх фотасесію ў Брусэлі, трымаючы ў руках папяровых птушак і клеткі, а таксама шыльды з надпісам «Хіба гэта злачынства?» У інтэрнэце пачалося абмеркаванне: і напраўду на фотасесію ў грамадскім месцы патрэбны дазвол мясцовых уладаў - як на пікет ці мітынг, або гэта выдумка віцебскай міліцыі, даўно «неабыякавай» да незалежных журналістаў.

Праваабаронца Павел Левінаў, таксама пакараны штрафам удзельнік фотасесіі, пачаў пісаць скаргі на пастановы судоў, а таксама заявы ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну. І пастанавіў паэкспэрыментаваць: афіцыйна папрасіць дазволу на фотасесію-перфоманс каля графіці.

Нарэшце ў раённай адміністрацыі павінны былі пагадзіцца з тым, што перформанс - гэта акт мастацкай творчасці, які не падпадае пад дзеянне закона аб масавых мерапрыемствах, згодна з якім ва ўладаў трэба прасіць дазволу.

Некалькі віцебскіх журналістаў і актывістаў зноў сабраліся каля будынка з графіці ў пачатку верасня. Фотасесія на гэты раз праходзіла пад пільным наглядам маёра Аляксандра Рыбакова, які з прыпаркаванага побач аўтамабіля таксама здымаў удзельнікаў - на відэакамеру.

Але ў 2014 годзе ніхто і падумаць не мог, што графіці «з птушкамі і клеткамі» будзе прызнанае шкодным або небяспечным толькі за тое, што на яго фоне можна сфатаграфавацца. Цяпер яго няма. Толькі праз шэрую фарбу ўсё роўна праступаюць абрысы клетак і птушак - як успамін пра забароненае імкненне да свабоды.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках