S&P прагназуе двухразовы рост праблемных крэдытаў беларускіх банкаў
- 7.10.2015, 20:00
- 7,707
Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard&Poor's чакае пагаршэнне якасці банкавых актываў у Беларусі.
Сёлета дзель праблемных крэдытаў у банкавай сістэме Беларусі можа дасягнуць 10%, гаворыцца ў аглядзе, які падрыхтавалі аналітыкі рэйтынгавага агенцтва, піша udf.by са спасылкай на БелаПАН.
На думку Standard&Poor's, беларуская эканоміка, у значнай ступені залежная ад вонкавых чыннікаў, і сёлетняе паслабленне беларускага рубля "абумовіць пагаршэнне характарыстык фандавання банкавай сістэмы".
"Дэпазіты кліентаў шмат у чым залежаць ад чынніку даверу з боку ўкладчыкаў і ваганняў валютнага курсу, у выніку чаго паказчыкі ліквіднасці банкавай сістэмы застаюцца нестабільнымі, а адкрытыя валютныя пазіцыі банкаў - зменлівымі", - мяркуюць аналітыкі рэйтынгавага агенцтва.
Уплыў дэвальвацыі на якасць актываў таксама можа быць істотным, уважаюць прадстаўнікі Standard&Poor's.
"Мы прагназуем рост сумы праблемных крэдытаў з 4,6% агульнага крэдытнага партфеля ў канцы 2014 года прыкладна да 8-10% у канцы 2015", - гаворыцца ў аглядзе Standard&Poor's.
Карпарацыйны сэктар у Беларусі, мяркуюць аналітыкі агенцтва, у значнай ступені залежыць ад дынамікі развіцця расейскай эканомікі, "якая цяпер знаходзіцца ў стадыі рэцэсіі і ў варунках стрэсавай сітуацыі".
"Акрамя таго, дэвальвацыя нацыянальнай валюты стварае інфляцыйны ціск у Беларусі, што негатыўна адбіваецца на платаздольнасці хатніх гаспадарак", - прагназуюць аналітыкі рэйтынгавага агенцтва.
У той жа час, дапускаюць яны, вонкавы і ўнутраны шок можа быць часткова нейтралізаваны падтрымкай з боку дзяржавы.
"Гэтыя негатыўныя чыннікі могуць быць часткова нейтралізаваныя добрай аплатнай дысцыплінай беларускіх пазычальнікаў, а таксама маштабнай дзяржаўнай падтрымкай, якая наўпрост і ўскосна даецца беларускаму банкаваму сэктару", - гаворыцца ў аглядзе Standard&Poor's.