У Беларусі пачалі выдаваць крэдыты ў юанях
7- 7.10.2015, 20:28
- 8,240
ААТ «Банк БелВЭБ» з кастрычніка 2015 года пачаў выдаваць крэдыты ў кітайскіх юанях.
Тым самым бізнэсу прапануюцца новыя магчымасці для фінансавання імпарту з Кітая, растлумачылі БелаПАН у прэс-службе банка.
«Мы бачым, што з ростам беларуска-кітайскага тавараабарачэння павялічваецца патрэба прадстаўнікоў бізнэсу ў правядзенні разлікаў з выкарыстаннем кітайскіх юаняў. Асабліва расце попыт на выкарыстанне юаняў у міжнародных разліках з боку прадпрыемстваў, што шчыльна супрацоўнічаюць з кітайскімі партнёрамі, - тлумачыць дырэктар дэпартамента развіцця карпаратыўнага бізнэсу ААТ «Банк БелВЭБ» Уладзімір Кніга. - Таму спецыяльна для такіх прадпрыемстваў наш банк пачаў выдаваць крэдыты ў кітайскіх юанях, прычым з прывабнай адсоткавай стаўкай - да 7,5% гадавых».
Крэдыты выдаюцца юрыдычным асобам ды індывідуальным прадпрымальнікам на тэрмін да 360 дзён для набыцця тавараў з Кітайскай Народнай Рэспублікі (асноўных сродкаў, сыравіны і матэрыялаў, паўфабрыкатаў ды інш), якія выкарыстоўваюцца для ўласнай вытворчасці тавараў і паслуг.
«Цяпер прадпрыемствы могуць ўкладаць замежнагандлёвыя кантракты і праводзіць разлікі ў нацыянальнай валюце Кітая, што дапамагае пазбегнуць рызык, звязаных з ваганнем абменнага курсу, і дазваляе скарачаць выдаткі канвертацыі, якія ўзнікаюць пры разліках у валютах трэціх краін», - адзначаюць у «Банку БелВЭБ».
Акрамя таго, у банку звяртаюць увагу, што прапанаваная стаўка крэдытаў у кітайскіх юанях значна ніжэйшая за крэдытныя стаўкі ў далярах ЗША і еўрах.