24 красавiка 2024, Серада, 0:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Нацыянальны дыялог неабходны Беларусі гэтак жа, як і Тунісу

2
Зміцер Бандарэнка: Нацыянальны дыялог неабходны Беларусі гэтак жа, як і Тунісу
Зміцер Бандарэнка

Каб выратаваць сябе, сваю сям'ю і краіну, дыктатар будзе вымушаны ініцыяваць сам гэты працэс.

Пра гэта заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, каментуючы сайту charter97.org пастанову Нарвежскага Нобелеўскага камітэта аб узнагароджанні прэміяй міру туніскага квартэта «За нацыянальны дыялог».

- Камітэты ўручэння прэміі ў гэтым годзе парадавалі ужо двойчы, бо раней, шчыра кажучы, некаторыя лаўрэаты прэміі ў літаратуры і прэміі міру выклікалі вельмі шмат пытанняў, - сказаў палітык. - Сёння мы радуемся за Святлану Алексіевіч. Таксама безумоўна заслугоўвае вялікай павагі пастанова Нобелеўскага камітэта аб тым, што прэмія міру гэтага года ўручаецца туніскаму квартэту арганізацыі «За нацыянальны дыялог».

Менавіта правядзенне Круглага стала з удзелам палітыкаў, грамадзянскай супольнасці і прафзвязаў у краінах, дзе доўгі час панавала дыктатура, з'яўляецца ключом да паступальнага мірнага развіцця гэтых дзяржаў на многія гады. Мы бачылі прыклад гэтага ў Польшчы, калі і ўладам, і апазіцыі хапіла сіл і мудрасці пачаць перамовы і дамовіцца аб правядзенні свабодных выбараў. Мы бачым, што Туніс стаў адзінай арабскай краінай, у якой рэвалюцыя прывяла да паступальнага руху ў бок дэмакратыі.

Беларусі так жа, як і Тунісу, неабходны нацыянальны дыялог. Зразумела, што дыктатары або аўтарытарныя рэжымы ідуць на наўпроставыя перамовы з апазіцыяй або пад уплывам вулічных пратэстаў, як гэта было ў Тунісе, або выразна ўсведамляючы, што эканамічная мадэль, якую яны будавалі, цалкам вычарпала і дыскрэдытавала сябе як у камуністычнай Польшчы.

Цяпер узнікае надзея, што і Еўрапейскаму звязу, і ЗША хопіць мудрасці не падтрымліваць замшэлага і неапраўдаўшага чаканні народа дыктатара Лукашэнкі, а выкарыстоўваць эканамічныя і крэдытныя рычагі для таго, каб прымусіць яго мірна перадаць уладу і закласці асновы перамен у Беларусі. Таму беларускаму народу сёння так важна байкатаваць гэты фарс, які Лукашэнка спрабуе правесці. Важна паказаць, што ён адпрэчваецца беларускім народам.

Апазіцыя, на мой погляд, гатовая да пачатку нацыянальнага дыялогу. Зразумела, што Лукашэнка і ягонае самае бліжэйшае асяроддзе, заплямілі сябе рэпрэсіямі супраць апазіцыі, удзельнікамі гэтага дыялогу быць не могуць, але імі могуць быць іншыя прадстаўнікі ўлады. Каб выратаваць сябе, сваю сям'ю і краіну, дыктатар будзе вымушаны ініцыяваць сам гэты працэс, і я веру, што такое развіццё сітуацыі ў Беларусі яшчэ застаецца магчымым.

А сёння выказваю захапленне мужнасцю і разумным падыходам туніскіх лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках