5 траўня 2024, Нядзеля, 23:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дзяды» ў Менску: Салідарнасць - наш супраціў

7
«Дзяды» ў Менску: Салідарнасць - наш супраціў

Акцыя, прысвечаная Дню памяці продкаў, прайшла ў беларускай сталіцы.

Традыцыйнае шэсце пачалося каля ўваходу на Менскі гадзіннікавы завод а 11:30. У ім узялі ўдзел больш за тысячу чалавек. Дэманстранты з бел-чырвона-белымі сцягамі прайшлі ад станцыі метро «Парк Чэлюскінцаў» да ўрочышча Курапаты. Пасля сканчэння шэсце там адбыўся мітынг.

Сайт charter97.org вядзе анлайн-трансляцыю з акцыі.

15:30 Мітынг у Курапатах скончыўся. Многія ўдзельнікі застаюцца ва ўрочышчы і запальваюць свечкі ля магіл.

15:12 Сакратар управы Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Валеры Буйвал, які зачытаў зварот лідара партыі Зянона Пазняка. «У «Дзядах» вялікая сіла, няхай яна дапаможа людзям здабыць народнае шчасце» - гаворыцца ў ім. Зянон Пазняк цяпер бярэ ўдзел у акцыі ў Варшаве.

15:03 Мітынг у Курапатах адкрыўся выкананнем гімна «Магутны божа».

14:40 Удзельнікі акцыі ўскладаюць кветкі і запальваюць свечкі ля крыжоў у Курапатах. Пачынаецца мітынг.

14:35 Людзі падыходзяць да ўрочышча Курапаты, дзе ў найбліжэйшы час пройдзе кароткі мітынг і малебен.

14:30 Некаторыя жыхары мікрараёна Зялёны Луг далучаюцца да шэсця.

14:25 Лідар руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык у каментары БелаПАН заўважыў, што ў параўнанні з іншымі акцыямі апазіцыі шэсце на «Дзяды» праходзіць з удзелам большай колькасці людзей. «Не трэба забывацца, што гэта мерапрыемства праходзіць, калі ў Беларусі ўжо 20 гадоў ва ўладзе Лукашэнка», - падкрэсліў палітык.

З ягоных слоў, для «беларусаў культ памяці продкаў - гэта абсалютна натуральная з'ява, вытокі якой сыходзяць яшчэ ў дахрысціянскую эпоху». «Пасля хрышчэння гэтае абрадавае свята перавандравала ў царкоўныя календары ўсіх хрысціянскіх канфесій», - дадаў палітык.

14:15 Некаторыя ўдзельнікі акцыі прыйшлі не яе са сваімі сем'ямі.

14:03 Калона паварочвае на вуліцу Мірашнічэнкі.

13:55 «Я тут для таго, каб у краіне было ціха, спакойна, каб не было прыходу новых варвараў, - сказала Людміла Гразнова. - Сёння не так шмат палітыкаў. Чаму? Я так разумею, што адбываецца перафарматаванне - палітыкі ў працэсе вызначэння, куды рухацца далей».

13:49 Адзін з лідараў Кансэрватыўна-хрысціянскай партыі Юрась Беленькі адзначыў, што ў адрозненне ад акцый на «Дзяды», якія праходзілі 20 гадоў таму, цяпер большасць удзельнікаў шэсця - моладзь. «Гэта вельмі добры знак», - заявіў ён.

13:40 «Я быў на ўсіх акцыях «Дзядоў» за выключэннем тых, якія прапусціў праз адсутнасць у Беларусі. Гэта святы дзень, дзень, калі мы павінны задумацца над тым, каб тое, праз што мы ідзем у Курапаты, не паўтарылася у будучыні», - сказаў Лявон Баршчэўскі. Ён падзякаваў актывістам і валанцёрам, якія праводзяць «Талаку» ва ўрочышчы і прыбіраюць яго.

13:30 Шэсце набліжаецца да вуліцы Лагойскі тракт.

13:10 Удзельнікі акцыі спяваюць песню «Грай» гурта «Ляпіс Трубяцкі».

13:05 Калона павярнула на вуліцу Сядых. Некаторыя пажылыя ўдзельнікі шэсця пад'язджаюць некалькі прыпынкаў на грамадскім транспарце. У той жа час да шэсця далучаюцца новыя ўдзельнікі.

12:50 «Вядома, я не прапускаю гэтыя шэсця, - кажа ў каментары «Радыё Свабода» мастак Алесь Марачкін. - Мы ідзем, каб далучыцца да сакральнага месца, да Курапацкага лесу. Карыстаючыся момантам, я таксама хачу запрасіць усіх на мастацкую выставу «Праўда пра Курапаты», якую праводзяць беларускія мастакі ў гэтым месяцы».

12:45 Сярод удзельнікаў шэсця заўважаныя супрацоўнікі спецслужбаў з прышпіленымі на адзенне бел-чырвона-белымі стужкамі, а таксама чалавек у куртцы з надпісам «Расея» ва ўсю спіну, піша «Наша нiва».

12:30 Калона пераходзіць праспект Незалежнасці. Далейшы маршрут шэсця праходзіць па вуліцы Каліноўскага.

12:21 «Мы бачым на акцыі прадстаўнікоў розных партый і розных пакаленняў. Усе мы тут, каб памянуць нявінна забітых. Без памяці не можа быць крокаў наперад. У тых рэпрэсіях вінаваты ўвесь народ, таму мы павінны пакаяцца», - сказаў моладзевы лідар Зміцер Дашкевіч.

12:20 Калона праходзіць міма будынка Нацыянальнай бібліятэкі і станцыі метро «Усход».

12:18 «Гэта вельмі важны дзень для мяне, бо я памятаю гісторыю. Нашы продкі былі забітыя ў Курапатах, але гэта забываецца, хаваецца. Таму добра, што прыйшлі і дарослыя людзі, і вельмі шмат моладзі. Нацыя абуджаецца з часам», - сказаў адзін з удзельнікаў шэсця. Ён дадае, што ў яго быў рэпрэсаваны прадзед.

12:10 На акцыі прысутнічаюць былыя палітвязні Алесь Бяляцкі, Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Уладзімір Яроменак.

12:05 Супрацоўнікі міліцыі вядуць відэаздымку ўдзельнікаў шэсця.

12:04 Упершыню за доўгія гады шэсце на «Дзяды» некалькі скарэктавала свой маршрут. Праз будаўніцтва развязкі ў раёне вуліцы Філімонава ўдзельнікі шэсця вымушаныя ісці па другім баку (правым) праспекта Незалежнасці. Міліцыя арганізавала ўдзельнікам шэсця бяспечны пераход у раёне Дзіцячай чыгункі.

12:03 У гэтым годзе «Дзяды» супалі з Днём усіх святых, адзначыў у размове з БелаПАН сустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі. З ягоных слоў, «Дзяды» цалкам укладваюцца ў парадыгму дзён, прысвечаных памяці беларускіх герояў, якія пацярпелі за веру, праўду, бацькаўшчыну».

Рымашэўскі адзначыў, што сёння гэты дзень не менш актуальны, чым раней. «Цягам апошняга часу ў Расеі адбываўся новы віток таталітарызму, адбываецца новая хваля шанавання тыранаў. Мы ж шануем сваіх сапраўдных герояў», - падкрэсліў палітык. З ягоных слоў, «Дзяды» з'яўляюцца добрай магчымасцю данесці да моладзі свае ідэі, каштоўнасці.

12:02 Дзясяткі кіроўцаў аўтамабіляў сігналяць на падтрымку ўдзельнікаў акцыі, праязджаючы па праспекце Незалежнасці. Супрацоўнікі ДАІ, якія суправаджаюць калону, перадаюць іх нумары сваім калегам па рацыі.

11:55 «Перажываю за Беларусь, усе мае думкі пра Беларусь. Толькі пра гэта і думаю», - патлумачыла пажылая ўдзельніца шэсця прычыну сваёй прысутнасці на ім. Яна распавяла, што ходзіць на «Дзяды» кожны год, нягледзячы на ўзрост.

11:52 Людзі хорам спяваюць «Пагоню» на словы Максіма Багдановіча.

11:50 Калона падыходзіць да скрыжавання праспекта Незалежнасці і вуліцы Валгаградскай. Людзі спыняюцца перад праезнай часткай і пераходзяць яе толькі на зялёны сігнал святлафора.

11:42 Палітык Юрась Губарэвіч у каментары падкрэсліў, што акцыі памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій праходзяць ва ўсёй краіне цягам апошніх трох дзён. Ён нагадаў пра «Ланцуг Памяці», які прайшоў 29 кастрычніка ля будынка КДБ, а таксама пра шэсце ў Свіслачы Гарадзенскай вобласці.

11:37 На акцыі раздаюць бел-чырвона-белыя стужкі. Развяваюцца дзясяткі нацыянальных сцягоў.

11:34 Некаторыя актывісты нясуць партрэты рэпрэсаваных беларусаў. У шэсці бярэ ўдзел амаль тысячы чалавек, паведамляе «Радыё Свабода».

11:30 Калона пачала рух па праспекце Незалежнасці ў бок урочышча Курапаты.

11:20 Людзі трымаюць расцяжкі з надпісамі «Дзяды», «Курапаты - наш народны мемарыял», «Беларуская салідарнасць - наш супраціў расейскай акупацыі».

11:15 На пляцоўку каля Менскага гадзіннікавага завода прыйшлі палітыкі Юрась Беленькі, Мікалай Статкевіч.

11:10 Фармуецца пачатак калоны. Традыцыйна там становяцца ўдзельнікі акцыі, якія будуць несці ў Курапаты драўляныя крыжы. Іх усталююць на месцах масавых расстрэлаў ва ўрочышчы.

11:04 Узнятыя першыя бел-чырвона-белыя сцягі. Людзі разгортваюць транспаранты.

11:00 На скрыжаванні вуліцы Талбухіна і праспекта Незалежнасці збіраюцца ўдзельнікі дэманстрацыі.

Нагадаем, менскія ўлады дазволілі акцыю «Дзяды» 1 лістапада. Збор удзельнікаў пройдзе ля Менскага гадзіннікавага завода на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Талбухіна (станцыя метро «Парк Чэлюскінцаў»).

З 11.30 да 14.30 пройдзе дэманстрацыя па ходніках па маршруце: праспект Незалежнасці - вуліца Каліноўскага - вуліца Сядых - вуліца Карбышава - вуліца Гамарніка - вуліца Мірашнічэнкі - Менская кальцавая аўтамабільная дарога (падземны пераход пад МКАД да ўрочышча Курапаты).

З 14.30 да 17.00 на тэрыторыі ўрочышча, дзе праходзілі масавыя пахаванні ахвяр сталінскіх рэпрэсій, запланаванае правядзенне мітынгу. Заяўленая колькасць удзельнікаў акцыі - да пяці тысяч чалавек.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках