Мікалай Статкевіч запрашае на новую акцыю ў цэнтры Менска
28- 12.11.2015, 14:54
- 35,596
Акцыя пройдзе 24 лістапада. Збор удзельнікаў - а 18.00 каля ГУМа.
Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч абвясціў аб правядзенні новай вулічнай акцыі, якая будзе прымеркаваная да гадавіны «рэферэндуму» 1996 года. Пра гэта палітык паведаміў у «Фэйсбуку», паведамляе charter97.org.
Мікалай Статкевіч падкрэслівае, што ў выніку незаконнага «рэфэрэндуму» 1996 Лукашэнка «прысвоіў сабе дыктатарскія паўнамоцтвы, што можна трактаваць як канстытуцыйны пераварот».
«Перад «рэферэндумам», каб аслабіць супраціў перавароту, быў пазбаўлены сваёй пасады міністр унутраных спраў Юры Захаранка, які заяўляў, што служыць, перш за ўсё, закону. Ужо падчас «рэферэндуму» быў незаконна пазбаўлены пасады старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар. (У 1999 годзе абодва яны былі выкрадзеныя і забітыя з наўпроставага загаду дыктатара», - адзначае палітык.
«У чарговую гадавіну ўстанаўлення дыктатуры ў нашай краіне мы ўшануем памяць тых, хто ахвяраваў сваім жыццём дзеля свабоды Беларусі. Мы не ведаем, дзе пахаваны Юрый Захаранка і Віктар Ганчар. Таму мы прыйдзем да месцаў, дзе яны працавалі - да будынкаў МУС і ЦВК, каб запаліць каля іх свечкі памяці аб забітых. Месца збору для пачатку цырымоніі - а 18.00 24 лістапада каля ГУМа. Запрашаю ўсіх, хто можа, далучыцца да нас», - піша Статкевіч.
Другі ў гісторыі незалежнай Беларусі «рэферэндум» быў праведзены 24 лістапада 1996. На знак пратэсту супраць яго правядзення падалі ў адстаўку намеснік міністра замежных спраў Андрэй Саннікаў, прэм'ер-міністр Міхаіл Чыгір, міністр працы Аляксандр Сасноў, а таксама сем суддзяў і старшыня Канстытуцыйнага суда Валерый Ціхіня. Краіны Захаду і міжнародныя арганізацыі, уключаючы АБСЕ, Раду Еўропы і Еўрапейскі звяз, афіцыйна не прызналі вынікі «галасавання» і абвясцілі іх незаконнымі з прычыны таго, што яно праводзілася з сур'ёзнымі працэдурнымі парушэннямі.