19 траўня 2024, Нядзеля, 10:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg: Расея больш не можа спадзявацца на нафту

Bloomberg: Расея больш не можа спадзявацца на нафту

Відавочна, што расейская эканоміка дасягнула ніжняга парогу.

Апублікаваныя ў чацвер звесткі за трэці квартал паказваюць, што пры цяперашніх коштах нафты яна знайшла для сябе новую норму. Аднак стабілізацыя ў такіх варунках - рэч ненадзейная: нафце трэба крыху падняцца ў кошце, каб у краіне не пачаўся новы спад - а калі кошты папаўзуць уніз, разам з імі пойдуць пад нож і разрэкламаваныя прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным сацыяльныя праграмы, піша Bloomberg (пераклад - замежным СМІ.ру).

З ліпеня да верасня валавы ўнутраны прадукт у краіне знізіўся на 4,1% у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года, аспрэчыўшы прагнозы аналітыкаў, якія прадвяшчалі спад у 4,3 адсотка, і прадэманстраваўшы сур'ёзнае паляпшэнне на фоне папярэдняга квартала, калі зніжэнне склала 4,6 %. Гэтыя лічбы выглядаюць асабліва добра, калі да іх далучыць рост прамысловай вытворчасці ў 0,1% пасля спаду цягам двух кварталаў. Калі такая тэндэнцыя захаваецца наступныя два кварталы, то Расея ў другім квартале 2016 можа прадэманстраваць рост, а Пуцін са сваімі памочнікамі зможа заявіць, што краіна пераадолела непрыемнасці, нягледзячы на бясконцыя войны, якія ідуць з сярэдзіны 2014 года, і заходнія эканамічныя санкцыі.

Але апошнія звесткі крыху недакладныя. Прычынай маленечкага паляпшэння стала павелічэнне здабычы энэргарэсурсаў, а ўнутраны рынак пакуль яшчэ не дасягнуў ніжняга парогу. У верасні быў адзначаны 10,4% спад раздробных продажаў у гадавым вылічэнні, які стаў самым значным зніжэннем за ўвесь 2015. Квартальнае зніжэнне за ліпень-верасень склала 9,5%. Прадаўжаецца скарачэнне інвестыцый: у трэцім квартале яны зменшыліся на сем адсоткаў, і гэта было самае вялікае падзенне з 2010 года.

Усё гэта паказвае на тое, што расейская эканоміка не атрымлівае штуршок да развіцця ад імпартазамяшчэння, як гэта было пасля дэфолту 1998 года, хоць Пуцін разлічвае на яго і нават імкнецца паскорыць замену імпарту, увёўшы эмбарга на пастаўкі заходняга харчавання. Імклівае падзення курсу рубля проста вымусіла расейцаў менш выдаткоўваць, бо кошты выраслі на 16%, а прыватныя кампаніі не ўкладаюць сродкі ў мясцовую вытворчасць, што можа быць выклікана празмерным і рэпрэсіўным рэгуляваннем.

Урад не бачыць іншых крыніц росту, акрамя вуглевадародаў, а таму цяпер ён упершыню з 2008 года працуе над аднагадовым бюджэтам. У больш стабільныя часы Расея складала бюджэт на тры гады. Гэты бюджэт заснаваны прыкладна на тых жа лічбах даходаў і выдаткаў, што і ў 2015 годзе, аднак Міністэрства фінансаў папярэджвае, што з 13,7 трыльёна рублёў запланаваных даходаў адзін трыльён можа не паступіць.

Такая патэнцыйная нястача звязаная з нафтай. Бюджэт фармавалі з разліку 50 даляраў за барэль маркі Brent, якая з'яўляецца еўрапейскім кантрольным пунктам. Але паколькі запушчаны ў вольнае плаванне рубель неадступна ідзе за коштам Brent, то ў выпадку яе зніжэння колькасць рублёў у бюджэце павінна застацца без асаблівых зменаў. Расейцы будуць купляць яшчэ менш імпартных тавараў і радзей ездзіць за мяжу, але Пуцін пра гэта асабліва не задумваецца. Бяда ў тым, што Расея прадае не марку Brent, а экспартуе іншую сумесь - Urals, якая ў 2015 годзе каштавала прыкладна столькі ж, але цяпер патаннела амаль на чатыры даляры за барэль. Прычынай можа быць узмацненне канкурэнцыі з боку Саудаўскай Арабіі, якая пачала пастаўляць нафту на традыцыйныя расейскія рынкі, такія, як Польшча і Швэцыя.

У будучым годзе коштавая розніца можа яшчэ больш павялічыцца, калі на рынкі Еўропы пойдзе нафта з Ірана.

Зніжэнне коштаў Urals адаб'ецца на расейскіх даходах ад імпарту, але не на курсе рубля, бо гэтая марка не з'яўляецца коштавым эталонам для валютных рынкаў. З гэтай прычыны павелічэнне розніцы хваравіта ўдарыць па расейскаму бюджэту.

Пакуль у праекце бюджэту, да абмеркавання якога парламент можа прыступіць у пятніцу, закладзены дэфіцыт 2,8%. Каб захаваць яго на такім нізкім узроўні, урад плануе прыбаўку да пенсій на рост кошту жыцця, якая складае толькі траціну інфляцыйных паказчыкаў. А для тых 15 мільёнаў расейцаў, якія атрымліваюць пенсіі, але прадаўжаюць працаваць, ніякіх прыбаўленняў не будзе.

Выдаткі на ахову здароўя скароцяць на 8%, а на адукацыю - на 8,5%. Расейскія рэгіёны пазбавяцца часткі федэральных субсідый.

У той жа час урад Пуціна не мае намеру скарачаць вайсковыя выдаткі, якія з'ядаюць да 19% бюджэту, і не плануе змяншаць агульныя дзяржаўныя выдаткі. «Гэта не бюджэт выжывання, гэта бюджэт захавання ўлады», - напісала нядаўна на галоўнай старонцы «Деловая газета».

Урад чакае, калі кошты нафты пачнуць расці, што вельмі сумнеўна, калі паглядзець на апошнія прагнозы Міжнароднага энэргетычнага агенцтва. Але яно таксама робіць стаўку на цярплівасць расейскага народу, разлічваючы, што ён змірыцца са змяншэннем фінансавання ў чалавечы капітал. Калі народ пачне праяўляць незадаволенасць, устойлівыя выдаткі на органы бяспекі, абарону і ўрад прадухіляць хваляванні. Напэўна, гэтая стаўка - менш рызыкоўная, чым стаўка на нафту, прынамсі, у найбліжэйшай перспектыве. Але такую палітыку наўрад ці можна назваць дальнабачнай.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках