20 траўня 2024, панядзелак, 0:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Washington Post: Двое з 20 тэрарыстаў прыбылі ў Парыж пад выглядам «уцекачоў»

6
The Washington Post: Двое з 20 тэрарыстаў прыбылі ў Парыж пад выглядам «уцекачоў»

Як мінімум двое выканаўцаў тэракту ў Парыжы вярнуліся ў Еўропу з Блізкага Усходу.

Пры гэтым, паводле звестак The Washington Post, да арганізацыі нападаў у сталіцы Францыі датычныя не менш за 20 чалавек, піша РБК.

Газета спасылаецца на высокапастаўленага чыноўніка, знаёмага з ходам расследавання.

Як піша газета, адным з тэрарыстаў з'яўляецца 20-гадовы Білял Хадфі, які падарваў сябе каля арэны Stade de France у паўночным прыгарадзе Парыжа. Да гэтага ён некаторы час правёў у Сірыі. Адтуль Хадфі вярнуўся ў Бельгію, дзе знік з поля зроку бельгійскіх спецслужбаў. Раней аб тым, што французскія праваахоўныя органы даведаліся аб дачыненні Хадфі да тэрактаў, паведамляла Associated Press.

Іншы ўдзельнік групы Амар Мустэфаль восем разоў прыцягваўся паліцыяй за дробныя правапарушэнні, у тым ліку за кіраванне без пасведчання кіроўцы. Спецслужбы мелі звесткі, што ў 2010-2013 годзе ён наведваў мячэць у маленькім горадзе на паўднёвы ўсход ад Парыжа, аднак не ведалі, чым Мустэфаль займаўся ў апошнія два гады. Цяпер французскія следчыя мяркуюць, што зімой 2013 ён з'ехаў у Сірыю.

Раней стала вядома аб тым, што 31-гадовы Ібрагім Абдэслам быў апазнаны як смяротнік, які падарваў сябе на бульвары Вальтэра. У нядзелю французская паліцыя абвясціла ў міжнародны вышук яго брата Салаха Абдэслама, які, паводле звестак следчых, мае дачыненні да арганізацыі тэрактаў.

Праваахоўныя органы праз некалькі гадзін пасля тэрактаў у Парыжы спынілі машыну, у якой ехаў Абдэслам, на мяжы з Бельгіяй, аднак пасля допыту і праверкі ён быў адпушчаны.

Той факт, што падрыхтоўку маштабнага нападу з удзелам людзей, якія траплялі ў поле зроку праваахоўных органаў, не заўважылі спецслужбы еўрапейскіх краін, з'яўляецца найбуйнейшым правалам, адзначыла крыніца ў кіраўніцтве адной з еўрапейскіх разведвальных службаў у размове з The Washington Post. Пры гэтым ён не ўдакладніў, ці будуць у гэтай сувязі зробленыя нейкія арганізацыйныя высновы.

Нагадаем, 13 лістапада тэрарысты атакавалі сталіцу Францыі. Паводле апошніх афіцыйных звестак, загінулі 129 чалавек, 250 параненыя. Адказнасць за тэракты ўзяла на сябе экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава».

Баевікі распачалі стрэляніну на бульвары Вальтэра, вуліцы Шарон і вуліцы Фантан О'Руа ў Парыжы. Група зламыснікаў абстраляла рэстаран Le Petit Cambodge. Тры выбухі адбыліся каля стадыёна State de France у прыгарадзе Парыжа, дзе ў той момант адбываўся футбольны матч паміж зборнымі Францыі і Нямеччыны.

Акрамя таго, блізу ста чалавек былі захопленыя, а потым забітыя ў канцэртнай залі Bataclan.

Колькасць загінулых баевікоў, якія ўдзельнічалі ў серыі тэрарыстычных нападаў у Парыжы ў ноч на суботу, 14 лістапада, дасягнула васьмі. Сямёра з іх учынілі самападрыў з дапамогай «паясоў смяротніка».

На ўсёй тэрыторыі Францыі ўведзены рэжым надзвычайнага здарэння, увайшла ў дзеянне пастанова аб аднаўленні памежнага кантролю.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках