19 красавiка 2024, Пятніца, 18:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў правёў сустрэчу ў Белым доме

12
Андрэй Саннікаў правёў сустрэчу ў Белым доме
АНДРЭЙ САННІКАЎ І СЕЛЕСТА ВАЛАНДЭР

Лідар «Еўрапейскай Беларусі» сустрэўся з адмысловай памочніцай прэзідэнта Абамы.

Падчас візіту ў Вашынгтон лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў сустрэўся ў Радзе нацыянальнай бяспекі ЗША з адмысловай памочніцай амерыканскага прэзідэнта Селестай Валандэр.

На сустрэчы падрабязна абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі і наступствы паслаблення заходніх санкцый у дачыненні да дыктатуры Лукашэнкі. Андрэй Саннікаў звярнуў увагу на адсутнасць у краіне істотных зменаў у галіне правоў чалавека, пераследу актывістаў, палітыкаў і журналістаў, прыняцце законаў, якія ўшчамляюць асноўныя свабоды. На ягоную думку, выдача беларускаму рэжыму крэдыту МВФ можа прывесці толькі да ўмацавання дыктатуры.

Тэмай размовы Саннікава з адмысловай памочніцай Барака Абамы ў Радзе нацыянальнай бяспекі ЗША таксама сталі чарговыя сфальсіфікаваныя Лукашэнкам «прэзідэнцкія выбары», якія былі праігнараваныя беларускімі грамадзянамі, а таксама ўплыў расейскай агрэсіі ва Украіне на сітуацыю ў Беларусі.

Селеста Валандэр запэўніла, што ЗША будуць уважліва адсочваць паводзіны ўладаў пасля выдадзеных Захадам авансаў. Амерыка мае намер прытрымлівацца прынцыповай пазіцыі ў пытаннях правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі. Гэта пацвердзіла на афіцыйных сустрэчах і дэлегацыя Дзярждэпартамента ЗША, якая нядаўна пабывала ў Менску.

«Я мяркую, што сёння, калі Захад чарговым разам абвясціў аб магчымасці «дыялогу» з дыктатурай, дэмакратычным сілам вельмі важна праводзіць сваю «палітыку ўцягвання». Неабходна пашыраць кола людзей, якія ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі, пра сапраўдную сутнасць дыктатарскага рэжыму, набываць новых сяброў дэмакратычнай Беларусі, ды не толькі з ліку палітыкаў. Міжнародная салідарнасць, якая была асабліва прыкметная пасля Плошчы 2010 года, можа адыграць ключавую ролю ў змене сітуацыі ў Беларусі», - заявіў у інтэрв'ю charter97.org Андрэй Саннікаў.

У Вашынгтоне лідар беларускай апазіцыі таксама сустрэўся з кіраўніцтвам шэрагу няўрадавых арганізацый і выступіў у Джорджтаўнскім універсітэце з лекцыяй на тэму «Беларусь: выклікі заходняй замежнай палітыкі». Саннікаў распавёў пра сітуацыю ў Беларусі, пра «выбары», якія пайшлі, парушэнне правоў чалавека, актывізацыю вайсковага супрацоўніцтва з Расеяй і крызісным стане беларускай эканомікі. А таксама адказаў на пытанні аўдыторыі, якую цікавілі стасункі з Расеяй, уплыў падзей ва Украіне, планы беларускай апазіцыі.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках