24 красавiка 2024, Серада, 13:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крымскі беларус: Дызель-генератары расхапалі ўшчэнт

7

Беларускі бізнэсовец, адзін з ініцыятараў імпічменту Аляксандру Лукашэнку ў 1996 годзе Уладзімір Кудзінаў распавёў пра блакаду Крыму «знутры».

У лістападзе 1996-га дэпутат Вярхоўнага Савета Уладзімір Кудзінаў быў адным з ініцыятараў імпічменту прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку, а ўжо ў пачатку 1997-га яго арыштавалі паводле абвінавачвання ў дачы хабару. Ён быў асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Выйшаў на волю ў лютым 2001 года. З Беларусі з'ехаў з сям'ёй у Крым практычна адразу ж пасля вызвалення з турмы.

Пасля пераезду ў тады яшчэ ўкраінскі Крым пачаў у Еўпаторыі паспяховы бізнэс - займаўся птушкагадоўляй, забяспечваў яйкамі практычна ўвесь паўвостраў. Але на пачатку 2014 - пасля расейскай агрэсіі - справу давялося згарнуць: ужо тады прадбачыў праблемы з энэргарэсурсамі, да таго ж паступова спыніўся экспарт камбікармоў з Украіны, а Расея альтэрнатыўных паставак не забяспечыла. Цяпер працуе па разавых дамовах з маскоўскімі камерцыйнымі структурамі.

Пра сённяшнія рэаліі Крыму Уладзімір Кудзінаў распавёў «Радыё Свабода»:

«Электрычнасць як бы падаюць, але вельмі мала. Напрыклад, у гарадскія жылыя раёны на тры гадзіны даюць святло, а потым на шэсць гадзін робяць перапынак. Так цягам сутак. Не хапае сваіх магутнасцяў. Не ведаю дакладна, як забяспечваюць буйныя вытворчасці, але, мабыць, яны маюць свае крыніцы энэргіі - дызель-генератары. Скажам, асноўныя запраўкі працуюць, бо маюць уласныя генератары, вялікія гандлёвыя цэнтры таксама забяспечаныя ўласнай энэргіяй».

Горш справы ідуць на аб'ектах сацкультбыту, якія фінансуюцца паводле рэшткавага прынцыпу і якія не маюць аўтаномных крыніц сілкавання. Навучальныя ўстановы некалькі дзён наогул былі зачыненыя, дзеці пайшлі ў школу толькі сёння:

«Учора яшчэ быў выходны, а сёння ў школу нібыта ўжо пайшлі. Ведаю, што будуць скарочаныя урокі, па 35 хвілін. Вышэйшыя навучальныя ўстановы, сярэднетэхнічныя таксама аднавілі працу - гэта значыць, там усё ж паставілі генератары, будуць запускаць прынамсі на час заняткаў, забяспечваць электраэнэргіяй. Таму што такая сітуацыя можа быць надоўга».

Але тыя ж генератары трэба забяспечваць палівам. Якая сітуацыя з пастаўкамі нафтапрадуктаў на паўвостраў? Уладзімір Кудзінаў кажа, што перабоі з бензінам усё больш адчувальныя:

«Так, генератары працуюць на бензіне, дызпаліве. І калі салярка на АЗС пакуль што ёсць, то бензін 92-і, 95-ы і нават 98-ы ўжо становіцца дэфіцытам. На запраўках практычна заўсёды чэргі. А пасля таго як учора ў гіпермаркетах паразбіралі ўсе дызель-генератары, мабыць, пачне бракаваць і саляркі».

Як часта бывае, скарыстацца канфліктам суседзяў спрабуе Беларусь. Суразмоўца кажа, што ўсё часцей у крамах з'яўляюцца беларускія прадукты:

«Справа ў тым, што ўкраінская прадукцыя таксама ідзе, але толькі праз мацерыковую частку Расеі, што ўскладняе лагістыку. Маю на ўвазе перш за ўсё мясныя вырабы. Разам з тым усё больш у крамах з'яўляецца прадукцыі беларускіх мясакамбінатаў, масласырзаводаў і г.д. Але абсалютная большасць харчоў паступае, вядома, праз Расею. Нейкага вялікага дэфіцыту прадуктаў няма, усё асноўнае нібыта ёсць. Магчыма, проста не такі выбар на паліцах, як некалі».

Якім можа быць выйсце з такога становішча? Уладзімір Кудзінаў пакуль не бачыць перадумоў для кардынальных змен:

«Усе разумеюць абсурднасць сітуацыі, але асабіста я думаю, што на палітычным узроўні пра нешта дамовіцца будзе складана. Таму рана ці позна Расейскай Федэрацыі давядзецца пераходзіць на свае крыніцы, забяспечваць Крым з уласных рэсурсаў. Да таго ж гэта нават не столькі ўрад Украіны забараніў пастаўкі, колькі само насельніцтва стварыла ўмовы, каб электраэнэргія сюды не трапляла. Не толькі крымска-татарскае, але і актывісты, якія знаходзяцца на мацерыковай частцы Украіны. Таму нічога не застанецца, як пераарыентавацца на сыравінныя крыніцы Краснадарскага краю - гэта і газ, і электраэнэргія, і ўсе іншыя».

Не прымушаюць падзеі ў Крыме разглядаць варыянт вяртання на радзіму, у Беларусь? Пасля фактычнай страты паспяховага бізнэсу і новых выклікаў на побытавым узроўні Крым ужо наўрад ці выглядае такім «райскім востравам», як яшчэ пару гадоў таму:

«Пакуль, мабыць, не, не збіраемся. Справа ў тым, што мы не маладзеем, а старэем, трэба жыць там, дзе нашы дзеці жывуць. Хаця б дзеля таго, каб на старасці гадоў і за намі быў догляд. Вядома, трэба глядзець, як сітуацыя будзе складацца. Бо, як паказвае досвед, можа мяняцца, прычым кардынальным чынам. Пакуль спяшацца з прадказаннямі не будзем».

Жыхары акупаванага Крыму засталіся без электразабеспячэння з боку Украіны пасля таго, як у мінулыя выхадныя ў Херсонскай вобласці былі пашкоджаныя апоры ліній электраперадач, якія вядуць на паўвостраў. Удзельнікі блакады Крыма з ліку крымска-татарскіх актывістаў і ўкраінскіх добраахвотнікаў такім чынам дамагаюцца ад афіцыйнага Кіева прыняцця спецыяльнага закона, які будзе забараняць усякую падтрымку тэрыторыі, акупаванай Расейскай Федэрацыяй.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках