Пад Валожынам прадпрымальны рыбак зліў ваду з возера
14- 25.11.2015, 17:36
- 43,297
Праз дзве гадзіны ўжо можна было проста хадзіць і збіраць рыбу ў мяшкі, што і зрабіў рыбак.
Пра здарэнне распавяла старэйшы следчы Валожынскага райаддзела Следчага камітэта Аксана Гульба.
Валожынскі райвыканкам даў у арэнду аднаму з калгасаў возера, каб вырошчвалі ў ім рыбу на продаж. Гэта возера звязанае каналам з іншым возерам. Яны аддзеленыя дамбамі, і рыба аднаго возера не трапляе ў іншае, піша «Наша Ніва».
Увечары 4 лістапада рыбак з Валожыншчыны прыйшоў на возера і пачаў лавіць рыбу на спінінг. Справа ішла павольна, і ён наважыў дзейнічаць па-іншаму.
Адкрыў гаечным ключом шлюз і стаў чакаць, пакуль вада з возера з рыбай, якую вырошчваюць на продаж, перацячэ ў іншае возера.
Праз дзве гадзіны ўжо можна было проста хадзіць і збіраць рыбу ў мяшкі, што і зрабіў рыбак.
Аднак, калі ўбачыў фары машыны, што праязджала побач, то надумаў бегчы. Спачатку схаваўся ў кустах, а потым пабег дадому.
Як выявілася, гэта была машына міліцыі. Супрацоўнікі якраз ехалі на гэтае возера. Ім патэлефанавалі занепакоеныя мясцовыя жыхары, якія заўважылі, што ў адным возеры раптам стала хутка падымацца вада.
Рыбака затрымалі. Яму пагражае да трох гадоў турмы.
20 лістапада справа накіраваная ў суд.
Старэйшы следчы Аксана Гульба заўважае, што калгас, які арандаваў возера, не паклапаціўся ні пра асвятленне тэрыторыі, ні пра тое, каб наняць ахоўніка, ні пра папераджальную таблічку, што ў возеры вудзіць нельга. Калгасу паказалі на гэтыя рэчы і раілі іх выправіць.