4 траўня 2024, Субота, 7:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мядзведзеў даручыў падрыхтаваць «комплекс захадаў на адказ» супраць Турцыі

21
Мядзведзеў даручыў падрыхтаваць «комплекс захадаў на адказ» супраць Турцыі
ФОТА: РІА «НОВОСТИ»

Прэм'ер-міністр РФ назваў атаку на расейскі бамбавік Су-24 агрэсіяй з боку Турцыі ды заявіў аб падрыхтоўцы комплексу эканамічных захадаў у адказ.

Як паведамляе ўласны карэспандэнт УНІАН у РФ, пра гэта Мядзведзеў сказаў сёння на пасяджэнні расейскага ўрада.

«Гэта, безумоўна, акт агрэсіі супраць нашай дзяржавы з боку Турцыі, нашага суседа і да таго ж яшчэ чальца Паўночнаатлантычнага альянсу», - сказаў Мядзведзеў.

Ён заявіў, што вайсковыя і дыпламатычныя захады рэагавання на гэта дзеянне ўжо былі і яшчэ рушаць услед.

«Я хацеў бы, каб калегі, якія адказваюць за адпаведныя кірункі работы ў гэтых абмежавальных захадах, падрыхтавалі і ўнеслі ў самы кароткі тэрмін свае прапановы. Я маю на ўвазе міністэрства транспарту, міністэрства сельскай гаспадаркі, міністэрства культуры, мытныя службы і шэраг іншых устаноў, якія натуральна ўцягнутыя ў працэс», - дадаў ён.

Паводле ягоных слоў, пастановы будуць прынятыя на падставе закона аб спецыяльных эканамічных захадах ад 30 кастрычніка 2006 года, які прадугледжвае дзеянні ў такіх сітуацыях.

«Там устаноўлены набор захадаў: гэта прыпыненне рэалізацыі праграм эканамічнага супрацоўніцтва, і абмежаванні ў фінансавых аперацыях, і абмежаванні ў замежнагандлёвых угодах, і змяненне ў падатках - увазных і вывазных. Захады ўздзеяння на турыстычную сферу, на перавозкі, уключаючы транзіт, перасоўванне паветраных і водных суднаў, а таксама на гуманітарныя кантакты, і нарэшце выкарыстанне рабочай сілы», - патлумачыў Мядзведзеў.

Ён паведаміў, што гэтыя захады будуць зведзеныя ў адзін нарматыўны акт, хутчэй за ўсё гэта будзе ўказ прэзідэнта і пастанова ўрада.

«У гэтых дакументах пойдзе гаворка аб увядзенні абмежаванняў і забаронаў на дзеянне эканамічных структур Турцыі на тэрыторыі Расеі, абмежаванні і забароне паставак прадукцыі, у тым ліку, уключаючы харчовыя тавары, на выкананне работ і аказання паслуг турэцкімі кампаніямі ды пра іншыя абмежавальныя захады», - сказаў ён.

Мядзведзеў заявіў, што такі ж парадак можа быць ужыты ў дачыненні да інвестыцыйных праектаў, супрацоўніцтва паводле якіх з Турцыяй вызначалася высокім узроўнем даверу з гэтай дзяржавай.

«Гэтыя дамовы, гэтыя інвестпраекты могуць быць замарожаныя ці проста згорнутыя», - сказаў Мядзведзеў.

Ён таксама паведаміў, што будуць спыненыя перамовы аб прэферэнцыйным рэжыме для паслуг ды інвестыцый Турцыі.

Ён запатрабаваў ад профільных міністэрстваў у самыя кароткія тэрміны ўнесці прапановы ў такіх эканамічных захадах, якія будуць бестэрміновымі і будуць дзейнічаць у залежнасці ад дачыненняў з Турцыяй.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках