4 траўня 2024, Субота, 3:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-міністр сацыяльнай абароны: 3-гадовы адпачынак па догляду за дзіцем - марнатраўства

47
Экс-міністр сацыяльнай абароны: 3-гадовы адпачынак па догляду за дзіцем - марнатраўства
Фота: kp.by

Не выключана, што чарговым крокам беларускіх уладаў па «аптымізацыі» выдаткаў дзяржбюджэту на сацыяльную сферу стане скарачэнне адпачынку па догляду за дзіцем.

Прынамсі менавіта такая выснова напрошваецца ў сувязі з апошняй заявай экс-міністра працы і сацыяльнай абароны Антаніны Моравай, піша БелаПАН.

Цяпер былая чыноўніца з'яўляецца сустаршынёй праўладнага Беларускага саюза жанчын. 26 лістапада на міжнароднай канферэнцыі «Сацыяльная абарона і здароўе асобы ў кантэксце рэалізацыі правоў чалавека: навука, адукацыя, практыка», якая праходзіць у Менску яна заявіла, што адпачынак па догляду за дзіцем цягам трох гадоў - гэта марнатраўства.

Паводле яе слоў, «гэта вельмі вялікі перыяд», і Беларусь з'яўляецца адзінай краінай з такім працяглым аплачваным адпачынкам па догляду за дзіцем. Морава адзначыла, што ў Расеі дапамога па догляду за дзіцем плаціцца ў поўным аб'ёме толькі цягам паўтары гадоў з дня нараджэння дзіцяці.

У Беларусі штомесячная дапамога па догляду дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў складае 35-45% сярэднямесячнага заробку работнікаў. Цяпер сума дапамогі складае 2,23-2,87 млн рублёў. Памер дапамогі большы на дзяцей, народжаных другімі, а таксама якія маюць інваліднасць.

Морава адзначыла: «Мы, калі я была міністрам, праводзілі даследаванне, паводле вынікаў якога амаль 70% жанчын не карыстаюцца правам быць у адпачынку тры гады цалкам. У людзей элементарна не хапае грошай. Жанчыны выходзяць на працу, таму што баяцца яе страціць. Ім неабходна ўбудавацца ў працоўны працэс, бо цяпер усё мяняецца: мы перайшлі на новыя тэхналогіі, новыя спосабы ўзаемадзеяння на працы».

Гаворачы аб дэмаграфічнай сітуацыі, Морава сказала, што дзейсным механізмам падтрымкі сям'і з'яўляецца ўкладанне сродкаў у развіццё сямейнай інфраструктуры (набор сацыяльных паслуг, якасць уладкавання жылога, прафесійнага і сацыяльна-культурнага асяроддзя).

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках