17 красавiка 2024, Серада, 1:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія ўлады праігнаравалі патрабаванні прадпрымальнікаў

18
Беларускія ўлады праігнаравалі патрабаванні прадпрымальнікаў
Фота: bymedia.net

Улады не маюць намеру прыслухоўвацца да прапаноў індывідуальных прадпрымальнікаў па ўмовах іх працы ў 2016 годзе.

Такая выснова вынікае з ліста, які паступіў у рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Перспектыва» за подпісам намесніцы міністра эканомікі Беларусі Ірыны Касцевіч.

Ліст стаў адказам на рэзалюцыю, прынятую паводле вынікаў форуму прадпрымальнікаў 28 верасня. Удзельнікі сустрэчы прапаноўвалі: скасаваць указ прэзідэнта №222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці» і вярнуць дзеянне ўказа №285 ад 2005/06/18 года; паменшыць адзіны падатак для ІП на 50-70%; аб'явіць да 2020 года мараторый на канфіскацыю тавараў і праверкі ІП, якія займаюцца раздробным гандлем; скасаваць пастанову ўрада №666 аб санітарна-гігіенічнай дзяржэкспэртызе шэрагу імпартных тавараў; паменшыць штрафныя санкцыі для бізнэсу на 50%; дазволіць устанаўліваць плацежныя тэрміналы толькі на добраахвотнай аснове; знізіць суму абавязковай выплаты ўзносаў у Фонд сацыяльнай занятасці насельніцтва.

У лісце адзначаецца, што выніковы дакумент форуму прадпрымальнікаў быў разгледжаны Міністэрствам эканомікі і зацікаўленымі органамі дзяржкіравання па даручэнні Савета міністраў.

Скасаванне ўказу №222 «прывядзе да ўзнікнення негатыўных з'яў у эканоміцы - распаўсюджванню ўвозу ў Беларусь нелегальна вырабленай і выпушчанай у абарачэнне на тэрыторыі ЕАЭС прадукцыі», гаворыцца ў лісце намесніцы міністра Касцевіч.

Накладанне мараторыя на праверкі арганізацый бізнэсу ў частцы адпаведнасці прадукцыі патрабаванням бяспекі Мінэканомікі ўважае за «неапраўданае, якое не адпавядае еўрапейскай і міжнароднай практыцы, невыкананнем дзяржавай сваіх канстытуцыйных абавязкаў у абароне грамадзян ад рызык, звязаных з пагрозамі для жыцця і здароўя, невыкананнем абавязанняў у рамках ЕАЭС».

Адпрэчваюцца і іншыя прапановы ІП. Пры гэтым намесніца міністра падкрэслівае важную ролю прадпрымальнікаў. «Ва ўмовах сучаснай Беларусі ключавым фактарам поспеху нацыянальнай эканамічнай мадэлі з'яўляецца павелічэнне колькасці людзей, якія жадаюць весці бізнэс у нашай краіне. Больш за тое, развіццё прадпрымальніцтва з'яўляецца «сацыяльным амартызатарам», г.зн. змякчае ў існай эканамічнай сітуацыі сацыяльныя супярэчнасці», - гаворыцца ў лісце.

Поўны тэкст ліста апублікаваны на сайце «Перспектывы».

Каментуючы БелаПАН яго змест, кіраўнік аб'яднання «Перспектывa» Анатоль Шумчанка адзначыў: «Мяркуючы з усяго, наша пазіцыя і нашы прапановы мала каго хвалююць. Чыноўнікі пішуць шмат прыгожых слоў, на паперы ўсё прыгожа і добра атрымліваецца. Такія лісты атрымлівае і Лукашэнка, і ўсе астатнія. Беларускія чыноўнікі за 20 гадоў добра адаптаваліся да сітуацыі ў краіне і могуць абгрунтаваць усё што заўгодна кіраўніцтву краіны. Але гэтыя абгрунтаванні заўсёды ляжаць у рэчышчы іх інтарэсаў».

«Мы ж мяркуем, што законы і ўказы павінны прымацца з улікам рэальнасці ды інтарэсаў простых грамадзян, - падкрэсліў Шумчанка. - Мы сёння гаворым аб захаванні ўмоў вядзення бізнэсу, а яны - не, трэба ісці ў новае, каб яго развіць. Пра тое, да чаго гэта вядзе, відаць на практыцы: пустыя рынкі, скарачэнне і спыненне дзейнасці прадпрымальнікаў. Па вялікім рахунку дзяржаве малы бізнэс не патрэбен».

Са словаў старшыні «Перспектывы», заявы аб падтрымцы прадпрымальніцтва, якія ўтрымліваюцца ў адказе, разыходзяцца з рэчаіснасцю. «Гэта толькі дэкларацыі, няма ніякага кантакту, ніякага разумення, ніякага супрацоўніцтва і партнёрства», - сказаў ён.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках