28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзмітрый Тымчук: Знішчэнне Турцыяй Су-24 не спыніць Пуціна

3
Дзмітрый Тымчук: Знішчэнне Турцыяй Су-24 не спыніць Пуціна
ЗМІЦЕР ТЫМЧУК
ФОТА: LIGA.NET

Уладзімір Пуцін па-ранейшаму ўпэўнены, што можа запалохаць Захад сваёй зброяй.

Перакідка расейскіх ракетных комплексаў С-400 у Сірыю сведчыць пра гатоўнасць Крамля да далейшай эскалацыі ў рэгіёне. А сам прэзідэнт краіны-агрэсара Уладзімір Пуцін па-ранейшаму ўпэўнены, што можа запалохаць Захад сваёй зброяй. Такое меркаванне карэспандэнту «Лiга.net» у кулуарах парламента агучыў дэпутат фракцыі «Народны Фронт» Дзмітрый Тымчук.

«Рыторыка і логіка Пуціна не мяняюцца - ён мяркуе, што можа запалохаць Захад з ваенных пазіцый, і, на жаль, ягоныя разлікі ў значнай ступені апраўдваюцца. Захад па-ранейшаму не разумее, да якой рысы гатовы пайсці Пуцін. Яны ведаюць, што Расея - краіна, якая валодае сур'ёзным вайсковым патэнцыялам, самае галоўнае - ядзернымі ўзбраеннямі. Пасля падзей у Турцыі мы адразу бачым перакідку комплексаў С-400, і гэта само па сабе зразумелы ваенна-палітычны адказ на гэтыя падзеі, які кажа, што Расея гатовая пайсці далей», - сказаў ён.

Са словаў Тымчука, пасля заканчэння «халоднай вайны» і да пачатку 2010 гадоў Захад зусім не ўспрымаў Пуціна як патэнцыйнага ворага, здольнага пачаць ваенныя дзеянні ў Еўропе або іншай частцы свету.

«Кожнага экспэрта, які ў тыя гады пачаў бы такі пункт гледжання прасоўваць, уважалі б за інтэлектуальна недаразвітага. Менавіта такую рэакцыю мы назіралі ў момант пачатку агрэсіі супраць Украіны. Захад без цяжкасцяў «з'еў» напад на Грузію, па Прыднястроўі ў яго таксама пытанняў не было, і пасля пачатку падзей у Крыме было тое ж самае. Еўропа занадта доўга не магла паверыць, што Расея здольная на такія крокі. І перыяд гэтага «разварушвання» не скончыўся дагэтуль», - мяркуе дэпутат.

На ягоную думку, у еўрапейцаў па-ранейшаму мала выразнай інфармацыі аб тым, што сапраўды адбываецца ва Украіне, і яны ўсё адно не ўспрымаюць Пуціна як ворага.

«Калі чытаць украінскія СМІ, можа стварыцца ўражанне, што на Захадзе ўсе ненавідзяць Пуціна. Але досыць пагутарыць з еўрапейцамі, каб зразумець, што гэта зусім не так. Ёсць краіны, якія звязваюць шмат надзей менавіта з Расеяй, шмат у чым у галіне эканамічнага супрацоўніцтва. Фактычна Захад пакуль не гатовы нават да «халоднай вайны» ўзору 1980-х, і Пуцін гэта выдатна разумее», - адзначыў Тымчук.

Расея ўзмоцнена піярыць сваё ўзбраенне і войска, каб на Захадзе заставаўся страх вайсковага супрацьстаяння, і гэта спрацоўвае, канстатуе парламентарый.

«Заходні абывацель катэгарычна супраць усякіх умяшанняў сваіх краін ва ўсякія ваенныя дзеянні. Агулам жа Расея робіць усё, каб Захад не разглядаў варыянты вайсковых адказаў, і пакуль ёй гэта ўдаецца», - дадаў дэпутат.

Раней прэзідэнт Турцыі Раджэп Таіп Эрдаган заявіў, што ўжыванне расейцамі разгорнутых на расейскай авіябазе Хмеймім зенітна-ракетных комплексаў С-400 Трыумф супраць турэцкіх баявых самалётаў у небе Сірыі Анкара расцэніць як акт ваеннай агрэсіі.

Нагадаем, 24 лістапада турэцкія знішчальнікі F-16 пасля 10 папярэджанняў знішчылі расейскі бамбавік Су-24, які ўварваўся ў паветраную прастору краіны. Пілоты катапультаваліся, адзін з іх загінуў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках