Палёты з Швэцыі на поўнач Ірака спыненыя
- 28.11.2015, 11:25
- 24,493
Абмежаванні на пералёты паміж аэрапортамі Швэцыі і паўночных абласцей Ірака ўведзеныя праз узмацненне вайсковай актыўнасці.
Швэдскае транспартнае агенцтва ў пятніцу ўвяло абмежаванні на пералёты паміж аэрапортамі Швэцыі і паўночных абласцей Ірака ў сувязі з ўзмацненнем вайсковай актыўнасці ў рэгіёне. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на заяву міністэрства, піша "Лiга.нет".
Абмежаванні на палёты пачнуць дзейнічаць з суботы. Яны закрануць рэйсы авіякампаній Air Zagros і Iraqi Airways ў гарады Эрбіль і Сулейманія, а таксама шэраг іншых авіякампаній, якія ажыццяўляюць палёты на поўнач Ірака.
"Мы разумеем, што нашая пастанова адаб'ецца на тых пасажырах, якія больш не змогуць здзяйсняць пералёты паміж Швэцыяй і паўночнымі абласцямі Ірака. Але мы ставім на першае месца бяспеку пасажыраў", - заявіў прадстаўнік транспартнага агенцтва Сімон Послук.
Прадстаўнік авіяперавозчыка Air Zagros пацвердзіў агенцтву скасаванне рэйсаў да наступнага паведамлення з боку швэдскіх уладаў.