29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі рубель за адзін год абясцэніўся больш, чым польскі злоты за 20 гадоў

9
Беларускі рубель за адзін год абясцэніўся больш, чым польскі злоты за 20 гадоў

Пасля дэнамінацыі-2016 «нулі» зноў будуць нарастаць, а манеты хутка можна будзе здаваць як лом каляровых металаў.

Аб гэтым піша для «Нашай Нiвы» экспэрт Еўрапейскай даследчай асацыяцыя «Oikonomos» (Вільня, Літва) Сяргей Лабецкі.

Ці нагадвае беларуская дэнамінацыя 2016 польскую дэнамінацыю ў 1995?

У чымсьці, безумоўна, нагадвае. Па-першае, у абодвух выпадках спроба перайсці да больш «стабільных грошай». У Польшчы гэтая спроба была паспяховай. Па-другое, дэнамінацыя і там і тут была ў прапорцыі 10 000:1. Трэцяе падабенства - банкноты для Польшчы ў 1994 і для Беларусі ў 2009 друкаваліся ў Англіі.

На гэтым падабенствы заканчваюцца.

Азначаныя дэнамінацыі праводзяцца ў прынцыпова розных умовах. У Польшчы ў 1994 годзе дэнамінацыя стала адным са складнікаў рынкавых рэформаў. Пасля «шокавай тэрапіі» Лешэка Бальцэровіча пачала будавацца сацыяльная рынкавая гаспадарка. Стабільныя грошы - адзін з яе важных прынцыпаў. Дарэчы, у 1997 годзе была прынятая канстытуцыя, у 20 артыкуле якой была запісана: «Сацыяльная рынкавая гаспадарка, якая абапіраецца на волю гаспадарчай дзейнасці, прыватную ўласнасць, а таксама на салідарнасць, дыялог і супрацоўніцтва сацыяльных партнёраў, з'яўляецца асновай эканамічнага ладу Польскай Рэспублікі». Менавіта ў гэтым кірунку і ішлі паспяховыя рэформы.

Прыватны сектар у Польшчы вырабляў у 1994 годзе ўжо больш за 50% ВУП і ў ім было занята больш за 60% работнікаў. Рынкавая ў сваёй аснове гаспадарка добра працуе менавіта калі інфляцыя нізкая (да 3-4% у год). Ад цэнтральнага банка не патрабуецца звышнамаганняў для гэтага.

Польскія злотыя 1994 за 20 гадоў абясцэніліся менш, чым у Беларусі рубель за адзін толькі 2011 год.

У Беларусі на афіцыйным узроўні дэклараваная адсутнасць рэформаў у найбліжэйшай будучыні. Маўляў, і так усё добра працуе.

Эканоміка застаецца, па-ранейшаму, пераважна каманднай з дамінуючым дзяржаўным сектарам (амаль 70%). У такіх умовах дэнамінацыя мае толькі псіхалагічны сэнс, што таксама вельмі важна, але не дастаткова.

Тут магчымыя два сцэнары развіцця падзей. Першы, найбольш імаверны: інфляцыя істотна не паменшыцца, і «нулі» зноў будуць нарастаць, а манеты можна будзе здаваць як лом каляровых металаў.

Камандная эканоміка патрабуе крэдытнай эмісіі для пераразмеркавання сродкаў на карысць неэфектыўных, але з пункту гледжання ўлады важных для народнай гаспадаркі прадпрыемстваў.

Другі сцэнар - спроба падавіць інфляцыю рознымі даступнымі сродкамі. У варунках каманднай эканомікі гэта прывядзе да значнай рэцэсіі, то бок, спаду, які і без таго ёсць і будзе прадаўжацца праз эканамічныя праблемы Расеі ў сувязі з падзеннем кошту нафты.

Акрамя ўмоў, беларуская дэнамінацыя адрозніваецца і ў тэхнічным плане.

У Польшчы на першым этапе, з 1 студзеня 1995 г уводзіліся толькі новыя манеты і дробныя банкноты 10, 20 і 50 злотых. Буйныя банкноты былі ўведзеныя толькі ў ліпені 1995 года. Гэта было зроблена, каб непазбежныя памылкі не прыводзілі да значных страт у грамадзян. Такі досвед можна было б выкарыстоўваць і ў Беларусі, але пакуль плануецца ўводзіць усе наміналы новых грошай адразу.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках