28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Блакада Крыма: што цяпер і што далей?

33
Блакада Крыма: што цяпер і што далей?
Айдэр Муждабаеў
ФОТА: RFE/RL

Актывісты грамадзянскай блакады разблакаваць лінію, нават адну з чатырох, дзе яны далі энэргетыкам усталяваць апору - не збіраюцца.

Пра гэта ў «Фэйсбуку» піша расейскі журналіст Айдэр Муждабаеў, паведамляе charter97.org.

«Паспрабую коратка апісаць сітуацыю з энэргетычнай блакадай Крыма - якой яна мне ўяўляецца на гэты момант.

1. Актывісты грамадзянскай блакады разблакаваць лінію, нават адну з чатырох, дзе яны далі энэргетыкам усталяваць апору (але не правесці па ёй дрот), - не збіраюцца. Датуль, пакуль, як мінімум, не пачнецца працэс вызвалення ўкраінскіх грамадзян, якія знаходзяцца ў турмах РФ у справах, звязаных з палітыкай: ад Надзеі Саўчанкі і Алега Сянцова - да Ахцема Чыйгоза і Алі Асанавай (усяго 13 чалавек). Іх аргументы: за паўтара года ўлада нічога не змагла зрабіць для іх вызвалення і для абароны крымскіх татараў ад рэпрэсій, - значыць, будзем рабіць мы, кропка.

2. Улады Украіны знаходзяцца цяпер пад моцным ціскам з боку ўладаў Нямеччыны, праз якія, мабыць, ціснуць улады РФ з мэтай аднавіць энэргазабеспячэнне, бо сітуацыя ў Крыме далёка не такая ніштаватая, як яе падаюць у расейскіх дзяржаўных СМІ. У мяне няма доказнай інсайдэрскай інфармацыі, але падобна, што энэргаблакада з'яўляецца часткай (і на гэты момант галоўнай) вялікага гандлю паміж Масквой і Кіевам. Зрэшты, гэта можна ўжо называць і паўнавартаснай эканамічнай вайной, у якой у якасці зброі выкарыстоўваюцца розныя эмбарга, ды і той самы абавязак у $3 млрд., які РФ нібыта нават гатовая часткова (або цалкам) дараваць, калі ўкраінскія ўлады спыняць блакаду.

3. Праблема, аднак, у тым, што:

а) украінская ўлада (прэзідэнцкая, выканаўчая, заканадаўчая) у гэтым пытанні далёка не адзіная;

б) знесці актывістаў і аднавіць лінію ў яе няма не столькі фізічных, колькі маральных сіл. Падтрымка энэргаблакады Крыма ва ўкраінскім грамадстве цяпер вялікая, а вось ва ўрада, які падпісаў узаемавыгадны кантракт з Крымскай федэральнай акругай РФ, - наадварот. Тут і акрамя Крыма ў грамадстве да ўлады ёсць нямала пытанняў, а калі коратка, агулам, - то грамадства падазрае шэраг прадстаўнікоў улады ў матэрыяльна матываванай двудушнасці, а ў ваюючай краіне на тэму тайнай змовы з ворагам не жартуюць. Для палітыкаў гэта можа выклікаць непрыемныя наступствы. Гэта ў РФ улада можа «прэсаваць» дальнабойшчыкаў (і то незразумела, да чаго гэта прывядзе), а Украіна - не Расея, як гаворыцца.

4. Расейскай уладзе, зрэшты, таксама не пазайздросціш. Калі пакінуць у баку патрыятычныя тэлесюжэты, то многія мясцовыя жыхары ўжо абвінавачваюць улады (пакуль што ў асобе Аксёнава і Ко) у тым, што яны за паўтара года нічога для Крыма не зрабілі. Вядома, улады называюць незадаволеных «правакатарамі» і нават «платнымі наймітамі» (я гэта чуў па крымТВ), але кожны наступны дзень без святла зніжэнню незадаволенасці і павышэнню любові да ўлады як мінімум не спрыяе.

5. Інфармацыя пра тое, што для аднаўлення энэргазабеспячэння Крыма досыць перадаць Украіне (пад любым юрыдычным соусам) 13 чалавек, да шырокай публікі ў РФ і ў Крыме, наколькі я разумею, не даведзена: інакш могуць узнікнуць пытанні, прабачце за таўталогію, пра «кошт пытання». А наколькі прадметна абмяркоўваецца гэты варыянт падчас нефармальных перамоваў, мне невядома. Так, гэта магло б стаць хуткім і практычным развязаннем, але, мабыць, не задавальняе ўладу РФ, для якой галоўнае - не губляць твар. Хоць машына прапаганды гэтак добра адладжаная, што можа зрабіць патрэбную міну практычна пры любой гульні.

Рэзюмуючы, скажу, што пакуль я асабіста не бачу ніякага выхаду з сітуацыі з энэргаблакадай. Але закулісная гульня, упэўнены, не спыняецца ні ў будні, ні ў выходныя. Што ў выніку выйдзе на паверхню - будзем разам глядзець. Толькі адно можна сказаць упэўнена: ніякая пастанова, што не задаволіць удзельнікаў блакады, на практыцы не рэалізуемая. Магчыма, гэтага не відаць з Масквы, але з Кіева здаецца відавочным», - піша ён.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках