24 красавiка 2024, Серада, 23:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзяніс Івашын: Нашу Беларусь без бою не аддамо

8

Былы беларускі актывіст Майдана - пра страх, грошы, мэту жыцця, палітычныя партыі і КДБ.

Гарадзенец Дзяніс паехаў у Кіеў, калі ў сеціве з'явіліся фота збітай «ўмоўна невядомымі» актывісткі Таццяны Чарнавол. Не змог усядзець у крэсле ля камп'ютэра. Ужо потым быў месяц сярод дыму і сажы, атручэнне газам, сівыя валасы, паведамляе «Белсат».

«Будучыня не за партыямі»

Калі Расея анэксавала Крым, а на Данбасе пачалася вайна, зноў паўстала пытанне: што рабіць? Так Івашын стаў валанцёрам, зноў не ўсядзеў на месцы - далучыўся да валанцёрскай ініцыятывы «Гуманітарны маршрут Беларусь-АТО», якім кіруе Андрэй Стрыжак.

- З Андрэем Стрыжаком мы пазнаёміліся ў лютым 2015-га, калі ішоў збор сродкаў на помнік Міхаілу Жызнеўскаму, - сказаў ён. - Ён мой пабрацім па Майдану, таму я не мог застацца ў баку.

Андрэй як раз з Гомеля, каля якога знаходзіцца вёска Знамя Працы, дзе пахаваны Міхаіл, таму нефармальна ён каардынаваў гэты збор сродкаў. Ужо пазней, вясной, ён запрасіў далучыцца да збору сродкаў на першы рэанімабіль для шпіталя імя Пірагова (цяпер беларусы ўжо набылі тры!), і ўсё неяк закруцілася само сабой.

ПАДЧАС збору рэчаў для ўцекачоў з Данбаса

Грошы спачатку я па большай частцы збіраў сярод сваіх старых сяброў, якіх ведаў па БНФ і «Маладому фронту». Звяртаўся да журналістаў, актывістаў грамадскіх арганізацый. Зразумела, што ў час крызісу ніхто шмат не дасць: там 10 даляраў, там - 20...але нешта выходзіла! Некалькі свядомых бізнэсоўцаў добра так дапамаглі, я запомніў. А вось ад палітычных партый цэнтралізавана ніхто нічога не даў - зэро. Толькі асобныя актывісты са сваёй кішэні. Будучыня не за партыямі, а за валанцёрамі і грамадскімі актывістамі, я мяркую. Бо партыі ў сённяшнім выглядзе - гэта рудымент нулявых гадоў, ужо састарэлы. У Беларусі трэба поўнае перафарматаванне палітычнага поля. Сам я ад БНФ адышоў гадоў 10 таму...

ПАДЧАС РЭВАЛЮЦЫІ ГОДНАСЦІ, КІЕЎ

Вельмі добра памятаю, як было на Майдане: асноўную працу рабілі грамадскія актывісты, валанцёры, людзі з вуліцы, тым часам, як палітыкі вельмі хацелі ўсё кантраляваць - ...але не атрымалася! Таму, калі ў Беларусі раптам нешта закруцілася б, я супраць таго, каб туды далучаць партыі. Гэта давёў кіеўскі Майдан.

«Мы не шпіёны»

- InformNapalm - ініцыятыва, якой цяпер займаюся шчыльней за ўсё, - кажа Дзяніс Івашын. - Гэта міжнародная валанцёрскі супольнасць, якая займаецца зборам і прасоўваннем інфармацыі аб удзеле Расеі ў агрэсіі супраць Украіны. Сярод яе стваральнікаў - украінцы, грузіны, беларусы, інсайдэры на акупаваных тэрыторыях. Я цяпер фактычна каардынатар у Беларусі. Мы не шпіёны, працуем выключна з адкрытымі крыніцамі інфармацыі - сацыяльныя сеткі, форумы - на якіх можна знайсці інфармацыю аб расейскіх вайскоўцах. Напрыклад, на форумах сядзяць мамы гэтых ваякаў, а «Вконтакте» - самі байцы выстаўляюць свае фота з пазіцый і лагераў падрыхтоўкі. Галоўная вайна цяпер - інфармацыйная, такім чынам я раблю свой унёсак.

Беларусь цяпер мае ўсе прыкметы пратэктарата Расеі. Адна з самых гучных заяваў на нашым сайце як раз была аб тым, што ў вышэйшым вайсковым кіраўніцтве Беларусі блізу 60 патэнцыйных агентаў Расеі! Таму Расеі тут і няма патрэбы трымаць вялікі кантынгент - яго ролю выконвае беларускі корпус. Пры патрэбе, Лукашэнка будзе наўпрост зрынуты, а за стырно стане хтосьці з генералітэту...

Валанцёр і КДБ

- Праблемы з КДБ за гэты час у мяне былі толькі аднойчы. Мне патэлефанаваў маёр Павел Славута, здаецца так, і настойліва запрашаў на размову, - распавядае валанцёр. - Казаў, што позву можа хоць цяпер прывезці. Я кажу: не пытанне, але дасылайце поштай, і каб там было ўказана - у сувязі з чым выклікаюць, у якасці каго... Пра гэты выпадак я паведаміў журналістам, як мог распаўсюдзіў інфармацыю сярод сяброў. Зразумела, што пасля гэтага ніхто мне нічога не даслаў. Цішыня!

Страх і «спісы Жадобіна»

- Падтрымка блізкіх - гэта вельмі важна, безумоўна, - кажа ён. - Але я мяркую, што нават калі б не падтрымлівалі - нічога гэта ў корані не змяніла ў ва мне. Без розніцы. Рабі, што павінен і хай будзе, што будзе. Мой прынцып: вера + дзеянне.

ДЗЯНІС Івашын На адкрыцці помніка Міхаілу Жызнеўскаму

Страх? ..

- Я і так па ўсіх спісах апазіцыянераў праходжу як мінімум з 2006 года (памятаеце, «спісы Жадобіна»?), - Сказаў ён. - Таму, нават калі ты будзеш сядзець як мыш пад венікам - у момант «Х» за табой могуць прыйсці. А чакаць спакойна, пакуль «завязуць у лесапаласу», я не збіраюся. Нашу Беларусь без бою не аддамо, прынамсі, мы пастараемся нашкодзіць ворагу як мага больш.

Ну і Майдан, мабыць, паўплываў. Ёсць такія моманты ў жыцці, калі нібы сам з сабой знаёмішся. Унутранае ачышчэнне адбываецца. Таму і няма страху. Ты жывеш з мэтай - жалезабетоннай. Яна нівеліруе страх.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках