20 красавiка 2024, Субота, 5:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Берасцеец просіць пракуратуру прыцягнуць да адказнасці кіраўніцу выбаркама

6
Берасцеец просіць пракуратуру прыцягнуць да адказнасці кіраўніцу выбаркама

Дзяніс Турчаняк просіць пракуратуру прыцягнуць да крымінальнай адказнасці старшыню выбаркама Маскоўскага раёна Берасця Галіну Янголенку.

На думку актывіста руху «За свабоду», яна здзейсніла дзеянні, «якія выходзяць за межы нададзеных ёй правоў і паўнамоцтваў», піша БелаПАН.

Пасля «прэзідэнцкіх выбараў» гэтага года Дзяніс Турчаняк, які працаваў назіральнікам у асноўны дзень галасавання (11 кастрычніка) на выбарчым участку №60, неаднаразова звяртаўся ў розныя дзяржорганы, у тым ліку ў пракуратуру і ЦВК, з нагоды грубых парушэнняў.

«Пракуратура Берасця даручала Маскоўскай раённай камісіі горада Берасця ў выбарах прэзідэнта правесці праверку фактаў, выкладзеных у маёй заяве, якую я падаў на наступны дзень пасля выбараў, - распавёў Турчаняк. - Аднак даручэнне пракуратуры было не выкананае, камісія не разглядала маю заяву і не прымала паводле яе заяву. Мая заява была разгледжаная аднаасобна старшынёй камісіі Галінай Янголенкай, якая не мае на гэта паўнамоцтваў».

Актывіст спрабаваў азнаёміцца з матэрыяламі праведзенай Янголенкай праверкі, але, як растлумачылі ў ЦВК, патрабаваныя ім дакументы захоўванню не падлягаюць: паводле Выбарчага кодэкса захоўванню і перадачы ў архіў падлягаюць толькі тыя матэрыялы, якія разглядаліся калегіяльна.

«Мне ж адказ быў дадзены не калегіяльным органам, якому пракуратура даручала разгледзець мой зварот, а аднаасобна старшынём камісіі, што і стала прычынай знішчэння матэрыялаў праверкі паводле майго звароту», - мяркуе Турчаняк.

Ён падазрае, што старшыня камісіі мела на мэце менавіта знішчыць, а не перадаць на захоўванне матэрыялы, звязаныя з разглядам ягонай заявы аб парушэннях падчас выбараў. «Як высветлілася пазней, лёс быць знішчанымі спасціг амаль усе скаргі берасцейскіх назіральнікаў, бо іх разглядала не камісія, а старшыня», - падкрэсліў Турчаняк.

У сваім звароце ён просіць пракуратуру правесці праверку і даць прававую ацэнку дзеянням старшыні выбарчай камісіі Маскоўскага раёна Берасця, а таксама распачаць справу паводле артыкула 426 КК аб факце ўчынення чыноўніцай дзеянняў, якія выходзяць за межы нададзеных ёй правоў і паўнамоцтваў, што ў выніку прычыніла шкоду правам і законным інтарэсам берасцейца.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках