18 красавiка 2024, Чацвер, 17:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павышэнне пенсійнага ўзросту ў Беларусі: замест рэформаў - зразанне сацыяльных гарантый

44
Павышэнне пенсійнага ўзросту ў Беларусі: замест рэформаў - зразанне сацыяльных гарантый
ФОТА: UINP.INFO

Улады падменяць рэформы ў эканоміцы ўразаннем сацыяльных гарантый.

Беларускі ўрад разглядае варыянты павышэння пенсіённага ўзросту «ў сувязі з эканамічнай неабходнасцю і патрабаваннямі МВФ». Пра гэта заявіў на мінулым тыдні першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч. Паводле звестак Белстата, у Беларусі 2,6 млн. пенсіянераў, а працаздольнага насельніцтва - усяго толькі блізу 4,5 млн. Беларусы сыходзяць на пенсію раней, чым у шматлікіх іншых краінах свету: жанчыны - у 55 гадоў, мужчыны - у 60, паведамляе Deutsche Welle.

Незалежныя экспэрты мяркуюць, што сацыяльная палітыка беларускіх уладаў знаходзіцца ў глыбокім крызісе, але пры гэтым яны разлічваюць абысціся палавінчатымі захадамі - уздымам пенсіённага ўзросту і ўразаннем іншых сацыяльных гарантый - без правядзення рэформаў у эканоміцы, бо супраць «эканамічных эксперыментаў» неаднаразова выступаў Аляксандр Лукашэнка.

Калі калёсы ставяць наперадзе каня

«Пакінутая з савецкага часу размеркавальная сістэма выплаты пенсій і нізкая нараджальнасць прывялі да таго, што з заробку менш чым дваіх працуючых беларусаў выплачваецца пенсія аднаму пенсіянеру, і ўжо неўзабаве гэтыя суадносіны будуць 1,5: 1», - паведаміў старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук. Ён упэўнены, што ў гэткай эканамічнай сітуацыі без павышэння пенсійнага ўзросту не абысціся. Аднак, на думку Ярашука, гэтая мера можа толькі завяршаць пенсійную рэформу, якая ў сваю чаргу павінна стаць часткай комплексных рэформ у эканоміцы.

На мяжы нулявых гадоў міністэрства працы Беларусі ўжо распрацоўвала праект рэформы пенсійнай сістэмы, які сярод іншага прадугледжваў увядзенне назапашвальнай пенсіі і паэтапнае павелічэнне пенсійнага ўзросту.

Але, са слоў Ярашука, гэты праект быў адпрэчаны Лукашэнкам. «Трэба было захоўваць міф пра тое, што пенсію плаціць дзяржава, а пры назапашвальнай сістэме людзі зразумеюць, што самі забяспечваюць сваю старасць», - тлумачыць прафзвязны лідар.

Да рэформаў у эканоміцы справа таксама не дайшла, і цяпер гэтая папулісцкая сацыяльная палітыка знаходзіцца ў глыбокім крызісе, таму што час высокіх даходаў ад продажу нафтапрадуктаў для Беларусі скончыўся, сказаў кіраўнік БКДП. Улады ж, паводле яго выразу, зноў спрабуюць паставіць калёсы наперадзе каня: «Урад абмяркоўвае не практычныя дзеянні ў лібералізацыі эканомікі, прыцягненні інвестыцый і стварэнні новых працоўных месцаў, а рост узроставага цэнзу для пенсіянераў». Ярашук нагадаў, што Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра тое, што пенсійны ўзрост трэба павышаць, але пры гэтым забараніў «эканамічныя эксперыменты» з рэформамі.

Хто дажыве да пенсіі?

Сур'ёзныя асцярогі аб тым, што беларусаў чакае скарачэнне сацыяльных гарантый, не падмацаванае мадэрнізацыяй эканомікі, ёсць і ў экспэрта Агенцтва гуманітарных тэхналогій (АГТ) Святланы Мацкевіч. Яна мяркуе, што «дзяржава не справілася з цяжарам пенсійнага забеспячэння, не жадаючы аддаваць нават частку сваіх функцый прыватным фондам і самім грамадзянам», але пры гэтым чыноўнікі не спяшаюцца выпраўляць пралікі ў сістэме пенсійнага забеспячэння.

Як і Аляксандр Ярашук, Мацкевіч перакананая, што трэба захаваць гарантаваную дзяржавай мінімальную базавую пенсію і правесці эканамічныя рэформы, якія маглі б забяспечыць годны заробак, а не тыя 380 еўра сярэдняга заробка, якія цяпер маюць беларусы. «Разам з ростам даходаў трэба ўводзіць назапашвальную сістэму, пашыраць прыватнае пенсійнае страхаванне і толькі пасля гэтага абмяркоўваць павышэнне ўзроставай планкі для пенсіянераў», - упэўненая экспэрт.

Да правядзення рэформаў, на думку Мацкевіч, павышаць пенсійны ўзрост нельга таксама і з гуманітарных меркаванняў. Паводле інфармацыі Белстата, сярэдняя працягласць жыцця беларускіх мужчын складае 67 гадоў, жанчыны жывуць на 10 гадоў даўжэй. «Падаўжэнне працоўнай нагрузкі для пакалення, якое перажыло перабудову, беспрацоўе 90-х гадоў і наступствы аварыі ў Чарнобылі, прывядзе да таго, што тыя, хто дажывуць да пенсіі, пражывуць нядоўга, затое дзяржава зэканоміць на пенсійных выплатах», - канстатуе Святлана Мацкевіч.

Ёсць у яе і ў Аляксандра Ярашука і іншыя аргументы, чаму без сістэмных эканамічных рэформаў больш позні сыход на пенсію ўзмоцніць сацыяльную напружанасць у беларускім грамадстве. Па-першае, да ліку работнікаў, якіх цяпер масава звальняюць з буйных прадпрыемстваў, на рынку працы дададуцца новыя суіскальнікі працы ў старэчым узросце. Па-другое, у апошніх практычна не будзе шанцаў на працаўладкаванне, бо працоўных месцаў не стае і для маладых.

Мацкевіч нагадала, што ў Беларусі адзначана павелічэнне выпадкаў анкалагічных і сардэчна-сасудзiстых захворванняў. «Механічны рост колькасці працаздольнага насельніцтва за кошт павышэння ўзроставага пенсійнага цэнзу стане сапраўднай гуманітарнай катастрофай для пажылых беларусаў з дрэнным здароўем, якія могуць застацца і без сталага заробку, і без пенсійнага забеспячэння», - мяркуе аналітык АГТ.

Некарэктныя прыклады

Прыклад іншых краін, дзе ўзрост выхаду на пенсію паступова падымаюць, як і спасылку на патрабаванне МВФ, пра што паўтараюць беларускія ўлады, суразмоўцы назвалі некарэктнымі. «МВФ заклікае да правядзення сістэмных рэформаў у эканоміцы, а не проста да павышэння ўзросту для пенсіянераў», - падкрэсліў Аляксандр Ярашук. Акрамя таго, з ягоных слоў, у заходніх краінах дзейнічае іншая сістэма сацыяльнага страхавання, працуе рынкавая эканоміка з больш высокай аплатай працы, чым у Беларусі.

«Атрымліваецца, што з дыскусіі аб неабходнасці комплекснай мадэрнізацыі ўсёй эканомікі ўлады проста выдзіраюць толькі тыя прыклады і рэкамендацыі, якія ім выгадныя, каб выдаць зразанне сацыяльных гарантый за рэформы і атрымаць крэдыты», - падагульніла Святлана Мацкевіч.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках