Студэнт варшаўскага ўніверсітэта Лазарскага: Беларусам трэба дзейнічаць
- 2.12.2015, 10:12
- 32,110
Скасаванне платных адпрацовак будзе залежаць ад колькасці ўдзельнікаў Марша студэнтаў.
Сёння адбудзецца першая за шмат гадоў акцыя, ініцыяваная навучэнцамі БДУ - Марш любові і салідарнасці. Адным з патрабаванняў студэнтаў з'яўляецца скасаванне платных адпрацовак. Госць «Белсата» Сяргей Кале з варшаўскага Універсітэта Лазарскага мяркуе, што за свае правы студэнты павінны змагацца самі. Тэлеканал прыводзіць яго выказванні:
- Скасаванне платных адпрацовак будзе залежаць ад колькасці ўдзельнікаў Марша студэнтаў. Беларусы павінны змагацца, за іх гэтага ніхто не зробіць.
- Польскія выкладчыкі даюць на першых занятках свой нумар тэлефона і адрас электроннай пошты.
- Калі студэнты не будуць змагацца за якасць адукацыі, то выкладчыкам таксама будзе ўсё роўна.
- Аднойчы Універсітэт Лазарскага наважыў увесці платныя адпрацоўкі. Студэнты, у тым ліку і беларускія, аб'ядналіся і выказалі незадаволенасць кіраўніцтву. Адміністрацыі давялося пайсці на саступкі - і скасаваць іх. Таму пазітыўны прыклад барацьбы за свае правы ёсць. Толькі, вядома, не трэба забываць, што гэта адбылося ў польскіх умовах.
Нагадаем, рознагалоссі паміж студэнтамі і адміністрацыяй БДУ пачаліся пасля таго, як у ВНУ агучылі планы ўвесці аплату за пераздачу залікаў і экзаменаў. Універсітэцкую моладзь абурыла такая перспектыва. Студэнты сабралі супраць новаўвядзенні больш за 2500 подпісаў, а ў сацсетках паўсталі пратэстныя групы. Яе ўдзельнікі паведамілі пра намер заявіць на ВНУ ў пракуратуру, калі аплата за пераздачы будзе ўведзеная.
Нягледзячы на пратэсты, 12 лістапада рэктар БДУ падпісаў палажэнне аб платных пераздачах.
У адказ актывісты запланавалі 2 снежня правесці ў Менску марш студэнтаў. Чакаецца, што да яго далучацца ад 300 да 500 чалавек. 26 лістапада на старонцы мерапрыемства з'явілася завочнае запрашэнне на акцыю рэктара ВНУ.