Прадпрымальнікі просяць пра асабістую сустрэчу з Лукашэнкам
46- 2.12.2015, 19:47
- 21,222
Бізнэс-звязы прапануюць арганізаваць найбліжэйшым часам сустрэчу іх прадстаўнікоў з Аляксандрам Лукашэнкам для абмеркавання асноўных праблем у эканоміцы.
Пра гэта заявіў старшыня Менскага сталічнага звязу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін 2 снежня на пасяджэнні Рады развіцця прадпрымальніцтва, піша «Наша ніва».
«Бізнэсу патрэбная сустрэча з Лукашэнкам, без піяру, не парадная. Тое, што было некалькі гадоў таму», - сказаў ён. Папярэдняе пасяджэнне Рады развіцця прадпрымальніцтва з удзелам Лукашэнкі адбылася ў лютым 2013 года.
Карагін адзначыў, што амаль дваццаць гадоў таму Лукашэнка абяцаў штотыдзень сустракацца з прадпрымальнікамі, і цяпер, на ягоную думку, бізнэсу не стае наўпроставага дыялогу з уладай. «Сёння ў Нямеччыне пры Бундэстагу такая структура створаная - разам бізнэс і вышэйшае кіраўніцтва краіны, такая структура дзейнічае практычна ў кожнай дзяржаве. Патрэбны дыялог іншага ўзроўню», - мяркуе старшыня бізнэс-звяз.
У якасці аднаго з варыянтаў данясення да дыктатара праблем бізнэс-супольнасці Карагін назваў магчымую сустрэчу з Лукашэнкам старшыні Рады развіцця прадпрымальніцтва, экс-старшыні ўправы Нацбанка Пятра Пракаповіча. «Пётр Пятровіч, якога мы ведаем шмат гадоў, нездарма герой Беларусі. Я спадзяюся, ён праявіць тут гераізм - патрэбны дыялог, - сказаў Карагін. - Правядзіце закрытую размову без трансляцыі. Пагаварыце нармальна, я думаю, што з гэта будзе вялікая карысць».
У адказ на гэта Пракаповіч заявіў: «Сёння гаварыць аб тым, каб вынесці адразу ўсё, знайсці звышстратэгію, - гэта, мабыць, будзе няправільна. Тыя пытанні, якія існуюць, трэба абагульняць і перадаваць на разгляд радзе міністраў, Нацыянальнаму банку, адпаведным міністэрствам і ўстановам. Затым, разам з імі прапрацаваўшы гэтыя пытанні, аб якіх не дамовіліся, трэба ісці на вышэйшы ўзровень». Экс-кіраўнік Нацбанка мяркуе, што нельга, «не правёўшы размову ні з Саўмінам, ні з Нацбанкам», звяртацца ў Адміністрацыю Лукашэнкі.