28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: Так хлусіць, як Лукашэнка, я проста не мог

13

Хто нажываецца на дэкаланізацыі Расейскай імперыі і чым абмежаваны «калгасны розум» Лукашэнкі?

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі і адзін з аўтараў Белавежскіх пагадненняў Станіслаў Шушкевіч адказаў на пытанні расейскага тэлеканала «Дождь».

Пра прычыны неэфектыўнасці СНД

«Мы не разбуральнікі, мы стваральнікі, - заявіў Шушкевіч. - Мы стварылі набор незалежных дзяржаў. Гэта быў акт дэкаланізацыі Расейскай імперыі ў форме СССР».

Бесперспектыўнасць СНД пры гэтым экс-кіраўнік Вярхоўнага Савета тлумачыць савецкім падыходам да стварэння саюза. «Калі ствараць мадэлі бальшавіцкім чынам - што мы і зрабілі, скажам прама - то яны будуць і па-бальшавіцку працаваць. На першых самітах СНД былі прынятыя шматлікія пастановы... Але мы дзейнічалі як ЦК КПСС і Саўміна: прынялі пастанову - значыць яна павінна кімсьці выконвацца. А тут трэба было праводзіць яе праз нацыянальнае заканадаўства, і ў многіх выпадках яе немагчыма было правесці. Мы не падняліся да таго ўзроўню прававой дзяржавы, каб гэтыя пагадненні выконваліся».

«Так, як хацелася, не атрымалася. Але гэта каласальны гістарычны працэс, і ён доўжыцца. Гэта фактычна свайго роду рэвалюцыя. А рэвалюцыю задумваюць рамантыкі, ажыццяўляюць фанатыкі, а вынікамі карыстаюцца падонкі. Дык вось яны зараз, падлюгі, карыстаюцца гэтымі вынікамі», - сказаў палітык.

На пытанне, ці называе ён у гэтай цытаце Лукашэнку і Пуціна падлюгамі, Шушкевіч адказаў, што не называе. «Можа быць у іх і іншыя ж, памочнікі ёсць», - дадаў ён.

На прэтэнзію журналісткі, што з Белавежскіх пагадненняў нічога не выйшла і ў сутнасці пагадненні рэалізаваныя не былі, Шушкевіч запярэчыў, што «грамадзянін Расеі, Беларусі і Украіны можа свабодна выехаць за мяжу і прыехаць».

Са слоў Шушкевіча, застацца ў рамках СССР і рэфармаваць яго не ўдалося б праз Гарбачова, які не дапускаў кагосьці вышэй за сябе і не дазволіў бы іншаму палітыку сумленна перамагчы ў выбарах.

Аб сучаснасці і будучыні

СССР не загінуў у свядомасці людзей, заявіў палітык. Спасылаючыся на расейскіх палітолагаў і сацыёлагаў, Шушкевіч сцвярджае, што «агульная ментальнасць у нас цяпер царская». Аднак сітуацыя «павольна мяняецца».

Аб падпісанні Белавежскіх пагадненняў

Шушкевіч заявіў, што і сёння падпісаў бы Белавежскія пагадненні «з вялікім задавальненнем», але ўжо зрабіў бы гэта з усведамленнем гістарычнай важнасці падзеі. Тады, прызнаецца Шушкевіч, ён не разумеў значнасці падзеі: «Мы проста рабілі сваю працу, добра і сумленна». З яго слоў, «з верагоднасцю 99,9% гэта была спантанная пастанова», але маючы магчымасць павярнуць час назад, ён не стаў бы нічога мяняць.

Адказваючы на заўвагу журналісткі аб тым, што Краўчук і Шушкевіч не змаглі пераабрацца, а ў Ельцына былі праблемы з электаральнай падтрымкай праз падпісанне Белавежскіх пагадненняў, Шушкевіч адказаў, што «вельмі лёгка ўскласці ўсе цяжкасці і непрыемнасці на галовы тых, хто што-небудзь зрабіў». Дзейны лідар не абаронены ад памылак і цяжкасцяў, сказаў палітык. У той жа час «змены палітычнага ладу заўсёды прыводзяць да пагаршэння» ў кароткатэрміновай перспектыве, мяркуе ён.

Белавежскія пагадненні Шушкевіч ацэньвае як «адно з самых вялікіх сваіх палітычных дасягненняў». «Больш гэтага - толькі вывад ядзернай зброі з Беларусі. Таму што гэта была пагроза існаванню Беларусі наогул».

Аб Ельцыне

«Ельцын для мяне быў і застаецца кумірам. Гэта чалавек, якога цяжка параўнаць з іншымі. Я ведаю ўсе слабасці, заўсёды іх абгаворваюць... А для мяне - яны яго ўпрыгожвалі. Ён ніколі не мяняў пастановы ў непатрэбны бок. І наогул ніколі не мяняў пастановы, быўшы, можа быць, у стане не зусім адэкватным».

Пра Лукашэнку

«З яго калгасным розумам (Лукашэнка не бачыў) іншага выйсця, як ўмацоўваць савецкі лад і мець вось гэтыя прадпрыемствы-гіганты. Ён вядома, выяўляе цуды знаходлівасці, яны захоўваюцца - але вы ведаеце, чым далей, тым горш».

Чаму Шушкевіч у 1994 саступіў Лукашэнку? «У мяне была адна памылка - я спрабаваў паводзіць сябе годна, - адказвае палітык. - У гэтым вы не можаце западозрыць ані трохі Лукашэнку. Таму што так хлусіць на выбарах і так абяцаць я проста не мог, мяне б мае калегі палічылі ідыётам». Пры гэтым Шушкевіч заявіў, што «ідэалістам не быў».

Аб Крыме

Шушкевіч адзначыў, што ў час падпісання пагадненняў пытанне прыналежнасці Крыма нават не ўздымалася. А падымаць яго маглі «толькі чыстыя ідыёты», бо працэс і так «цудам пайшоў».

Пра Алексіевіч

Шушкевіч прызнаўся, што не чытаў кнігу Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд», у якой пісьменніца разглядае праблему ўплыву гісторыі краіны на свядомасць яе грамадзян і фармаванне феномену «савецкага чалавека». Пры гэтым ён адзначыў, што чытаў іншыя яе кнігі і ставіцца да Алексіевіч з вялікай павагай.

Па завяршэнні перадачы Ксенія Сабчак паабяцала за кадрам падарыць Шушкевічу кнігу «Час сэканд-хэнд».

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках