28 красавiка 2024, Нядзеля, 19:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пад Стоўбцамі знішчылі капліцу 18 стагоддзя

19

Могілкавая капліца ў вёсцы Найдзенавчы была адной з нямногіх, паводле якой можна было вывучаць беларускую царкоўную архітэктуру XVIII стагоддзя.

Пра гэта паведамляе карэспандэнт «Радыё Рацыя» Марцін Вайна.

Ёсць у Стаўбцоўскім раёне Менскай вобласці невялікая вёска Найдзенавічы. Вёска амаль памерлая - засталося ў ёй чалавек пятнаццаць старых. На напаўзакінутых вясковых могілках, парослых дрэвамі ды хмызнякамі, яшчэ нядаўна стаяла драўляная каплічка. Унутры нейкім цудам захаваўся старажытны роспіс, а над уваходам - надпіс: «Paswacona ta Cerkwa 1777».

Колькі засталося ў Беларусі аўтэнтычных драўляных цэркваў і капліц - невядома. Нават тыя, што запісаныя ў «аўтэнтычныя», бязлітасна «ўпрыгожваюцца» залатымі цыбулінамі ды і проста перабудоўваюцца згодна з патрабаваннямі і густам дасланых у Беларусь святароў. Могілкавая капліца ў Найдзенавічах была адной з нямногіх, па якой можна было вывучаць беларускую царкоўную архітэктуру XVIII стагоддзя.

У гэтым годзе і гэтую капліцу зраўнялі з зямлёй. Ёсць, выяўляецца, у Беларусі такі закон: разбураць дарэшты тыя будынкі, якія не выкарыстоўваюцца паводле наўпроставага прызначэння. Зносяць усё: закінутыя сельскія дамы, старадаўнія гаспадарчыя пабудовы, нават школы, у якія ўжо не ходзяць дзеці, зносяць і руіны старажытных цэркваў, не занесеныя ў спецыялізаваныя каталогі Таварыства аховы помнікаў. Прычыны такой дзікасці невядомыя. Магчыма, у краіне для гэтага ёсць лішнія грошы. А, можа, сам выгляд закінутых вясковых дамоў і закінутых храмаў міжволі правакуе на пытанне - «а дзе ж тая беларуская стабільнасць?!».

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках