На Растоўскай АЭС адбыўся пажар
9- 10.02.2015, 10:25
- 10,664
На тэхналагічнай пляцоўцы Растоўскай АЭС адбылося ўзгаранне вадароду.
Пра гэта паведамілі «Интерфаксу» ў рэгіянальным ГУ МНС. Пажар быў ліквідаваны ў ноч на аўторак, 10 лютага. Пацярпелых і пагрозы радыяцыйнага забруджвання няма.
Як адзначылі ў МНС, за 300 метраў ад першага энэргаблока адбылося ўзгаранне вадароду на запорнай арматуры рэсівера, якое ўваходзіць у аб'яднаны газавы астуджальны корпус. Ратавальнікі вывелі пашкоджаны элемента з агульнай сістэмы астуджэння, перакрылі тэхналагічныя трубаправоды і выціснулі вадарод інэртным газам.
«Паводле міжнароднай шкалы ацэнкі ядзерных падзей INES, падзея ацэньваецца як «Узровень - 0, ніжэй шкалы», гэта значыць з'яўляецца неістотным для бяспекі», - падкрэслілі ў МНС.
На сайце «Росэнергоатома» гаворыцца, што ўзгаранне на прампляцоўцы не паўплывала на працу энэргаблокаў. Паводле звестак канцэрна, узгаранне вадароду было ліквідаванае цягам гадзіны сіламі пажарнай часткі АЭС.
Растоўская АЭС - філіял электраэнэргетычнага дывізіёна дзяржкарпарацыі «Расатам» - канцэрна «Росэнергоатом». Гэта самая паўднёвая з расейскіх АЭС і адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў энэргетыкі на поўдні Расеі. Станцыя размешчаная на беразе Цымлянскага вадасховішча за 13,5 кіламетраў ад Валгадонска.