4 траўня 2024, Субота, 19:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якаўлеўскі: Візіт Макея ў Сірыю - прыклад канспіралагічнай дыпламатыі

8
Якаўлеўскі: Візіт Макея ў Сірыю - прыклад канспіралагічнай дыпламатыі

Мэты і вынікі нечаканага візіту ў Сірыю міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея застаюцца незразумелымі.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» звярнуў увагу на тое, што пра візіт Уладзіміра Макея грамадскасць даведалася ўжо постфактум.

«Выходзіць, што ў Макея наогул канспіралагічная дыпламатыя, бо гэты візіт ніяк не анансаваўся. Наколькі вядома, Макей быў у Бэрліне і Мюнхене, а затым, як мы можам разумець, апынуўся раптам у Дамаску», - кажа ён.

Якаўлеўскі не выключае, што візіт Макея можа быць звязаны з якой-небудзь пасрэдніцкай функцыяй афіцыйнага Менска ў сірыйскім канфлікце:

«У канцы мінулага месяца ў Маскве ўпершыню адбылася кансультатыўная сустрэча прадстаўнікоў сірыйскай улады і сірыйскай апазіцыі. Калі пасля такога мерапрыемства ў Дамаску з'яўляецца найбліжэйшы хаўруснік Масквы, то, магчыма, яму падабаецца выконваць функцыю пасярэдніка».

Які асабісты інтарэс можа мець афіцыйны Менск у Сірыі - экспэрт сказаць не бярэцца.

«Складана сказаць, які інтарэс. Раней казалі, што было вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва, цяпер я сумняваюся, што ў гэтай галіне ідзе развіццё. Макей перадаў нейкае пасланне ад Лукашэнкі Башару Асаду. Але мы наогул не ведаем, што гэта за пасланне», - канстатуе ён.

Якаўлеўскі адзначае, што такая сітуацыя, калі аб замежнапалітычных кроках уладаў нічога не вядома, характэрная для Беларусі. Экспэрт нагадаў выпадак, калі напрыканцы студзеня Уладзімір Макей, спаслаўшыся на Аляксандра Лукашэнку, паведаміў журналістам, што ў беларускіх уладаў ёсць свае прапановы для ўрэгулявання сітуацыі ў Данбасе, якія былі накіраваныя ўсім бакам канфлікту. Але што гэта былі за прапановы, дагэтуль невядома.

«Гэта ўсё канспіралагічная дыпламатыя. Можа, пройдзе некаторы час, і зноў па сакрэту ўсяму свету, як гэта звычайна Лукашэнка робіць, нам нейкія падрабязнасці скажуць. Але на гэты момант мы нічога не ведаем дакладна», - падкрэслівае палітычны аглядальнік.

Уладзімір Макей наведаў з афіцыйным візітам Сірыю 8-9 лютага. Падчас візіту ён сустрэўся з прэзідэнтам Башарам Асадам, а таксама прадстаўнікамі сірыйскага ўрада і дзелавых колаў.

Паведамляецца, што Макей перадаў пасланне прэзідэнту Сірыі Башару Асаду ад Аляксандра Лукашэнкі. Змест паслання не раскрываецца.

Як перадае прэс-служба МЗС, падчас візіту абмяркоўваліся стан і перспектывы развіцця двухбаковых стасункаў у палітычнай, гандлёва-эканамічнай, кааперацыйнай, навукова-тэхнічнай, гуманітарнай сферах, пытанні ўзаемнай падтрымкі на міжнароднай арэне, у тым ліку аб сітуацыі ў Сірыі і рэгіёне.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках