7 траўня 2024, aўторак, 1:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Gazeta Wyborcza»: Пуцін парушае ядравае табу

87
«Gazeta Wyborcza»: Пуцін парушае ядравае табу

Сітуацыя ў свеце выглядае небяспечнай не толькі праз расейскую агрэсію супраць Украіны.

Расея, якая валодае другім ядравым арсеналам у свеце, адраклася ад прынцыпу непрымянення першай ядравых бомбаў і ракет. Тым самым упершыню пасля Хірасімы і Нагасакі ядравая дзяржава ўвяла ў сваю вайсковую дактрыну магчымасць, фактычна, вольнага прымянення самай страшнай зброі, піша Януш Раліцкі ў польскім выданні «Gazeta Wyborcza» (пераклад - Иносми.ру).

Цягам 45 пасляваенных гадоў дзве звышдзяржавы, у тым ліку Савецкі Саюз, заяўлялі, што не стануць першымі ўжываць ядравую зброю. Гэта была вайскова-палітычная аснова свету той эпохі.

Яе падмацоўвалі шматлікія пагадненні раззбраення паміж СССР і ЗША. Больш за тое, у свеце ўзнік грамадскі рух супраць ядравай зброі, а краіна, якая б абвясціла аб намеры парушыць гэты прынцып, падпала б пад усеагульную крытыку.

У свой час мы не ставіліся сур'ёзна да такіх песенек, як, напрыклад, вядомая «Хай заўсёды будзе сонца, хай заўсёды будзе неба, хай заўсёды будзе мама, хай заўсёды буду я!» Гэта твор савецкай прапаганды, як і сусветныя арганізацыі, якія выступаюць за мір, абмяжоўвалі свабоду Захаду ва ўжыванні ядравай зброі, а заадно звязвалі рукі савецкім уладам. Паветра было насычанае засцярогамі ад выкарыстання ядравай зброі, што не раз адыграла сваю ролю.

У пачатку 80-х гадоў савецкія радары, пераблытаўшы птушак з ракетамі, паказалі, што ў кірунку СССР запушчана мноства амерыканскіх ракет. Гэта быў час моцнай напружанасці паміж двума блокамі. Аднак савецкі палкоўнік, які знаходзіўся ў той дзень на дзяжурстве, не перадаў гэтую трывожную навіну свайму камандаванню, а чакаў яе пацверджання, парушыўшы гэтым усё правілы. Так ён выратаваў свет ад ядравай вайны.

Цяпер такой атмасферы ўжо, на жаль, няма. Наадварот, сёння нават у масавай культуры (навукова-фантастычных фільмах і кнігах гэтага жанру) пераважаюць постапакаліптычныя вобразы свету. Я б не стаў пераацэньваць значэнне гэтай з'явы, аднак складана не звярнуць на яе ўвагі.

Гэта асабліва складана ў сітуацыі, калі пуцінская Расея, фармулюючы новую вайсковую дактрыну, адкрыта ўвяла ў яе прынцып свабоднага (у залежнасці ад вайсковых мэтаў) выкарыстання ядравай зброі. Насуперак міжнародным дамовам яна распрацавала новы тып ракет. Яны адрозніваюцца вялікімі манеўранымі магчымасцямі і радыусам дзеяння ад 500 да 3000 кіламетраў. Іх размясцілі ў Калінінградскай вобласці, і такім чынам у зоне іх паразы апынулася ўся Еўропа. Каб падкрэсліць сваю рашучасць прымяніць гэтую зброю, Расея апошнім часам усё часцей праводзіць вучэнні, адпрацоўваючы выкарыстанне мабільных ракет з ядравымі зарадамі у баявых дзеяннях. А баявыя самалёты з бомбамі і ракетамі на борце патрулююць межы NATO.

Гэтыя вучэнні, як і сама дактрына, нарадзіліся з комплексаў, карані якіх сыходзяць у 90-я гады. Расея гуляе мускуламі, каб напалохаць міжнародную грамадскасць. Свет павінен паверыць у рашучасць Расеі, якая гатовая выкарыстаць ядравую зброю для дасягнення сваіх палітычных мэтаў. Гэты метад прыносіць свае эфекты: Расея блізкая да замацавання свайго дамінавання ва Украіне.

Еўрапейскія краіны, у якіх няма моцных супярэчнасцяў з Расеяй, усякім коштам хочуць дамагчыся спакою. У выніку, як адзначалася ў Gazeta Wyborcza, мы блізкія да паўтарэння Мюнхенскага пагаднення - на гэты раз у дачыненні да Украіны. У 1938 годзе дакументы паводле ліквідацыі Чэхаславаччыны таксама не падпісваліся - ад яе проста аддзялілі вобласці, населеныя нямецкай большасцю.

Такім чынам, вяртаецца пытанне, калі Украіна канчаткова здасца Расеі і пагодзіцца на статус, якім валодаюць цяпер дзяржавы Лукашэнкі і Назарбаева. Калі верх атрымае канцэпцыя Мэркель, цяперашняга ўкраінскага прэзідэнта чакае крах. Спыніцца на тым, што Захад не стане ўзбройваць Украіну, значыць выракчы гэтую дзяржаву на паглынанне Расеяй.

У гэтай сітуацыі апошняй надзеяй украінцаў застаецца Амерыка. Прэзідэнт Абама - не Рэйган, і калі ён пагодзіцца на варыянт Мэркель і не ўзброіць Кіеў, то, на жаль, адыграе ролю, прадугледжаную Пуціным. Потым напэўна рушаць услед дзеянні, накіраваныя на падпарадкаванне Маскве Прыбалтыкі. Не будзем забываць, што пасля кожнай смуты, а такой уважаецца цяперашні перыяд, Расея вярталася да сваіх старых межаў і сілы.

Хоць Амерыка валодае зруйнавальнай вайсковай перавагай над усім астатнім светам, сённяшні Захад няздольны на рашучыя дзеянні. Яму не хапае духу бескампраміснасці і рашучасці пасляваенных заходніх лідараў. Звярну ўвагу, што ні NATO, ні ЕЗ да гэтага часу не прызналі Расею агрэсарам, прытрымліваючыся новай мовы, у якой агрэсарамі ўважаюцца так званыя сепаратысты. Далей: Захад не паспрабаваў выключыць Расею з міжнароднага спартыўнага, навуковага і культурнага жыцця.

Агрэсія сыходзіць расейцам з рук, а яны самі аддаюцца ілюзіі, што моцнаму ўсё дазволена, а расповеды іх прапаганды праўдзівыя. Расею нават не адхілілі ад удзелу ў спартовых спаборніцтвах, хоць гэта балючае месца Пуціна і расейцаў. Расеі дазволілі праз два гады правесці футбольны чэмпіянат свету. Калі ён адбудзецца, то стане ганебным мерапрыемствам! Ніхто пакуль не выключыў каманду краіны-агрэсара з розыгрышу еўрапейскіх кубкаў (як гэта было пасля ўварвання ў Чэхаславаччыну ў 1968).

Такім жа чынам ідзе сітуацыя з культурным і навуковым абменам. У ім працягваюць удзельнічаць грамадзяне краіны, якая беспакарана анэксуе рэгіён свайго суседа і забівае яго грамадзян. Пакуль Расея і яе жыхары не адчуюць міжнароднага асуджэння, паўплываць на дзеянні гэтай краіны мяккімі санкцыямі будзе немагчыма.

Цяпер прэзідэнта Пуціна і кіраўніка ягонай дыпламатыі Лаўрова не падвяргаюць астракізму, а ставяцца да іх, як да дзяржаўных дзеячаў. Іх хлусня ў стылі сталінскага пракурора Вышынскага або шматгадовага міністра замежных спраў СССР Грамыкі ані не бянтэжыць іх партнёраў.

Захад да гэтага часу не паказаў, што ён не баіцца агрэсара. Тое, што робіць канцлерка Мэркель, абвяшчаючы, што яна выступае супраць узбраення Украіны, - гэта самагубства Еўрапейскага звязу ў якасці палітычнага гульца. Апошнія перамовы ў Менску прадэманстравалі, што гэта шлях у нікуды. Абяцанні аб замірэнні з 15 лютага ўжо нікога не пераконваюць: пасля вераснёўскіх перамоваў Расея ўжо паказала, як яна ўмее іх парушаць.

У сітуацыі, якая склалася застаецца чакаць, калі ЗША паставяць агрэсіі Пуціна заслон. Ключавым для захавання ўкраінскай дзяржавай незалежнасці пытаннем застаецца, ці пачуе расейскі прэзідэнт, што калі расейцы перасякуць дэмаркацыйную лінію, NATO адправіць свае войскі ва Украіну, а калі яны пяройдуць Дняпро, то сустрэнуць там заходнія падраздзяленні.

Пытанне, ці адкажа Захад на пагрозы прымянення ядравай зброі тым жа самым. Калі б заходнія палітыкі пасля Другой сусветнай вайны дзейнічалі, як спадарыня Мэркель і спадар Аланд, сучасны свет быў бы адным вялікім Савецкім Саюзам.

Тое, што адбываецца сёння - гэта агідная капітуляцыя Захаду і дэмакратыі. Калі NATO і ЕЗ у рэшце рэшт саступяць Пуціну, нас чакае сапраўдная трагедыя, якая будзе пагражаць бяспецы свету, бо крамлёўскі ўладар будзе паводзіць сябе ўсё больш бесцырымонна. Шкада, што Масква шануе і паважае толькі грубую сілу. Жахліва, што гэтая краіна змагла беспакарана парушыць прынцыпы ядравага табу. Ядравая тэма вяртаецца ў наша жыццё, а гэта азначае наўпроставую пагрозу для існавання цывілізацыі.

Януш Раліцкі - рэпарцёр, публіцыст, палітычны каментатар, аўтар некалькіх кніг рэпартажаў і трох раманаў.

Напісаць каментар 87

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках