6 траўня 2024, панядзелак, 23:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Портнікаў: Расея - класічная фашысцкая дзяржава

29
Віталь Портнікаў: Расея - класічная фашысцкая дзяржава

Прычым ідэалогія гітлерызму падзяляецца і падтрымліваецца большасцю яе жыхароў.

Прачытаў у маскоўскіх «Ведомостях» выдатную калонку Антона Алейніка пра пагрозу фашызму ў Расеі, піша журналіст Віталь Портнікаў у сваім блогу на партале «Еспресо ТВ».

Уласна, гэта нават не прадказанне - гэта прагноз, які спраўдзіўся. Аўтар піша аб магчымасці ўсталявання фашысцкай дыктатуры ў Расеі, уважаючы, што яна будзе падтрыманая і элітай, і грамадствам, расчараваным у дэмакратычных інстытутах і міжнародным праве. Але гэта ўжо адбылося. У сучаснай Расеі практычна адсутнічаюць дэмакратычныя інстытуты. Тут няма парламента, незалежнага суда, мясцовага самакіравання, ад свабодных СМІ засталіся адны чарапкі - менавіта таму, напэўна, «Ведомости» змушаныя пісаць пра фашызм у будучыні, а не цяпер.

Партыйная сістэма пасля Крыму таксама канчаткова ліквідаваная. «Адзіная Расея», «Справядлівая Расея», КПРФ і ЛДПР могуць у кожны момант аб'яднацца ў якую-небудзь Нацыянал-сацыялістычную рабочую партыю Расеі, усе будуць толькі рады. Бо, нагадаю, мітынгі на Балотнай праходзілі як раз супраць фальсіфікацыі вынікаў парламенцкіх выбараў, то бок, мелася на ўвазе, што колькасць галасоў, пададзеных за якую-небудзь «Справядлівую Расею», мае значэнне. Апазіцыя аб'яўленая «пятай калонай». Вялікі бізнэс, як і ў Рэйху, фінансуе пражэкты ўлады. Фюрэр таксама ёсць. Чаго яшчэ не хапае. Ах, так. Антон Алейнік: «Фашызм як сацыяльная з'ява азначае няздольнасць адстойваць свае інтарэсы ў дачыненні з навакольнымі інакш, чым пры дапамозе гвалту. Ён распаўсюджваецца паралельна з адмаўленнем існых ва ўнутранай і замежнай палітыцы фармальных інстытутаў. Фашызм - гэта спыненне дыскусіі на самым важным месцы і прадстаўленне апошняга слова «таварышу Маўзеру». Стаўка на сілу, зробленая Расеяй у замежнай палітыцы, праявіла сябе спачатку падчас канфлікту ў Паўднёвай Асеціі, а цяпер ва Украіне. Расея заявіла пра свае інтарэсы і гатоўнасць іх адстойваць сілай спачатку нясмела, хаваючы апазнавальныя знакі на форме жаўнераў і бронетэхніцы, а затым усё больш адкрыта».

Таму не варта цешыць сябе ілюзіямі. Расея - класічная фашысцкая дзяржава, прычым ідэалогія гітлерызму падзяляецца і падтрымліваецца большасцю яе жыхароў. І гэта адбылося не сёння і нават не ўчора, аб небяспецы такога развіцця падзей я папярэджваў яшчэ ў 1999 годзе. Проста на фоне Майдана Расея канчаткова скінула маску - і спачатку мы, а затым і ўвесь астатні свет убачылі агідны ашчэр яе дзяржаўнасці. Тое, што стварэнне фашызму праходзіць пад лозунгамі барацьбы з ім, таксама не павінна нікога падманваць. Як дакладна заўважае Антон Алейнік, Гітлер не называў сябе фашыстам, ён быў нацыянал-сацыялістам. Ягоная дзяржаўная ідэалогія была пазней кваліфікаваня як разнавіднасць фашызму - і расейская дзяржаўнасць пры Пуціне з'яўляецца менавіта такой разнавіднасцю. Не больш - але і не менш.

У гісторыі практычна не было выпадкаў мадэрнізацыі фашысцкіх рэжымаў - хіба што Гішпанія пасля Франка, але каўдзільё не быў класічным фашыстам, ён толькі ўмантаваў фалангістаў у сваю палітычную сістэму. Гэта прыкладна так, як Пуцін умантаваў у сваю, ужо фашысцкую палітычную сістэму, камуністаў. Фашысцкі рэжым можа толькі загінуць. Пры якіх абставінах - вызначаць гісторыі.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках