27 красавiка 2024, Субота, 9:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Снегапады на Паўночным усходзе ЗША: стыхія ставіць рэкорды

4
Снегапады на Паўночным усходзе ЗША: стыхія ставіць рэкорды

Люты стаў самым снежным месяцам у Бостане. У горадзе не працуе грамадскі транспарт, скасоўваюцца авіярэйсы.

Паўночны ўсход ЗША спрабуе справіцца з наступствамі чарговай снежнай буры. Снегапады, што абрынуліся на рэгіён, былі такімі моцнымі, што люты стаў для Бостана самым заснежаным месяцам у гісторыі горада. Вялікі снегапад у панядзелак чакаецца таксама ў штатах Кентукі і Індыяна, паведамляе «Голас Амерыкі».

Праз снежную завіруху ў нядзелю былі скасаваныя больш за 1800 унутраных рэйсаў. Змены ў раскладзе, у асноўным, закранулі аэрапорты Бостана і Нью-Ёрка, дзе чакаліся парывы ветру да 95 кіламетраў у гадзіну.

У нядзелю ўранку ў Нью-Джэрсі ля свайго дома ў снезе была знойдзеная жанчына, якая памерла ад пераахаладжэння. На Сярэднім Захадзе праз снегапад у раёне возера Мічыган сутыкнуліся каля 35 аўто. Дванаццаць чалавек з траўмамі былі адпраўленыя ў лякарню.

Халады з тэмпературамі на 14-17 градусаў ніжэй за норму для Усходняга ўзбярэжжа пагаршаюцца моцнымі вятрамі, кажа метэаролаг з Нацыянальнай службы надвор'я (НСН) Брус Саліван.

У 13 гадзін нядзелі паводле мясцовага часу ў Бостане было -8 градусаў, але праз вецер здавалася як -18. Да ранку панядзелка тэмпература можа знізіцца да -29, паведамляюць у НСН.

Новы шторм узмацніў расчараванне раздробных гандляроў, якія спадзяваліся, што продажы ў Дзень святога Валянціна і доўгія выхадныя з нагоды Дня прэзідэнтаў, які адзначаецца ў панядзелак, кампенсуюць млявы гандаль у дні трох папярэдніх снегападаў.

Моцны снегапад у чацвёртую снежную буру ў Бостане за два тыдні зрабіў люты 2015 самым снежным месяцам у горадзе за ўсю гісторыю метэаралагічных назіранняў, паведамілі ў НСН.

З канца студзеня ў Бостане выпала 1,8 метра снегу, і горад ужо паставіў рэкорд тыднёвага ўзроўню ападкаў. Вялізныя гурбы запавольваюць працу па вывазу снегу.

«Будзем спадзявацца, што нарэшце ўсё гэта спыніцца», - заявіў у нядзелю мэр Бостана Марцін Уолш, заклікаючы кіроўцаў не выязджаць на небяспечныя дарогі.

Кентукі і Індыяна рыхтуюцца да снегападу

Але калі Паўночны ўсход ЗША ўжо заняты ліквідацыяй наступстваў снегападу, то Кентукі і паўднёвая Індыяна яшчэ рыхтуюцца да магчымага ўдару стыхіі.

Паводле прагнозаў НСН, «значны зімовы шторм са снегападам... можа абрынуцца на поўдзень Індыяны і Кентукі» ў нядзелю ўвечары і панядзелак. Чакаецца, што ў некаторых раёнах Кентукі можа выпасці 25-35 сантыметраў снегу.

Але гэта значна менш чым у Масачусетсе, дзе ў прыбярэжным горадзе Іпсвіч у нядзелю выпала 50 сантыметраў снегу і чакаліся небяспечныя заносы.

Рэстараны Бостана паспрабавалі выцягнуць кліентаў са спячкі ў нядзелю ўвечары, калі снег павінен быў аслабнуць.

«Нельга ж сядзець дома ўвесь дзень», - заявіла 26-гадовая Элі Нідхэм, якая ішла па пустой вуліцы ў Кембрыджы, каб паснедаць з сябрамі.

Праца ўсяго грамадскага транспарту ў Бостане была прыпыненая, але для некаторых гараджан гэта стала магчымасцю праявіць творчы падыход. У адным з раёнаў горада сноўбардыст ехаў па вуліцы прычэпленым да снегаходу. Іншы жыхар горада напісаў у Twitter, што пара каму-небудзь адкрыць сэрвіс катання на сабачых запрэжках.

Губернатар Масачусетса Чарлі Бэйкер паведаміў, што амаль 600 чальцоў Нацыянальнай гвардыі дапамагалі ў час завеі.

Надвор'е было настолькі дрэнным, што ў горадзе Алтан, штат Нью-Гэмпшыр, улады скасавалі штогадовы лядовы карнавал, які павінен быў прайсці на мінулых выходных.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках