27 красавiка 2024, Субота, 11:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Замарожаныя канфлікты» Пуціна

6
«Замарожаныя канфлікты» Пуціна

Крэмль выкарыстоўвае дэструктыўную моц сэпаратызму і спадарожную яму карупцыю і злачыннасць, каб перашкаджаць рэформам.

"Перамовы на найвышэйшым узроўні ў Менску толькі што прычыніліся да новага замірэння ў вайне ва Украіне", - пішуць намеснік дырэктара Інстытута еўрапейскіх, расейскіх і еўразійскіх даследаванняў (універсітэт Джорджа Вашынгтона) Робэрт Ортунг і выканаўчы дырэктар Міжнароднага форуму даследаванняў дэмакратыі Нацыянальнага фонду дэмакратыі (ЗША) рыстафэр Ўокер ў артыкуле для Foreign Policy (пераклад - InoPressa.ru).

Пры гэтым не відаць верагодных прыкмет таго, што Расея згортвае дэструктыўную "гібрыдную вайну", сцвярджаюць аўтары артыкула.

"Зрэшты, спробу Расеі дэстабілізаваць сітуацыю ва Украіне нельга разглядаць адасоблена. Яе тактыка з'яўляецца часткай больш маштабнай схемы, у рамках якой Крэмль выкарыстоўвае сэпаратысцкія канфлікты як рухавікі карупцыі і злачыннасці і як "траянскіх коней", што стаяць на шляху прагрэсу ў накіраваных на рэформы краінах на расейскай пэрыфэрыі", - гаворыцца ў публікацыі.

"Возьмем прыклад Грузіі, якая супрацьстаіць інспіраванай Масквой дэстабілізацыі ў адколатых рэгіёнах Абхазія і Паўднёвая Асеція. Малдова гэткім жа чынам сутыкаецца з перашкодамі ў Прыднястроўі", - разважаюць Ортунг і Ўокер.

"Падважваючы тэрытарыяльную цэласнасць суседзяў, Расея імкнецца адцягнуць ўрады ў Кіеве, Кішынёве і Тбілісі ад удалага правядзення рэформ для барацьбы з карупцыяй і стварэння прадстаўнічых устаноў", - сцвярджаюць аўтары.

"Замест таго, каб засяродзіцца на паляпшэнні ўласнага кіравання, гэтыя дэстабілізаваныя дзяржавы вымушаныя даваць рады напружанымі праблемам, якія выклікаюць віратлівыя эмоцыі, і звязаныя з тэрытарыяльным канфліктам. Такія звады абвастраюць нацыяналістычныя настроі, выносячы на паверхню моцны гнеў на Расею і ўцягваючы мясцовых палітыкаў у небяспечныя палітычныя дэбаты", - гаворыцца ў артыкуле.

На думку Ортунга і Ўокера, калі гэты архіпелаг спрэчных тэрыторый поўны злачыннасці і карупцыі, ён усё больш пагражае бяспецы ЕЗ. Ва ўсходняй Украіне, у родным рэгіёне былога прэзідэнта Віктара Януковіча, расла арганізаваная злачыннасць на грунце квітучай усёабдымнай карупцыі. "Тое ж самае можна сказаць і пра Прыднястроўе, і пра Паўднёвую Асецію: яны з'яўляюцца рассаднікамі арганізаванай злачыннасці, і гэтыя сістэмы кантралююцца элітамі, лаяльнымі Маскве", - гаворыцца ў публікацыі.

Як заўважае спецыяліст у пытаннях Расеі Марк Галеоці, арганізаваная злачыннасць, якая распаўсюджваецца падобна метастазам, была вызначальнай рысай таго, што можна назваць "паўмілітарызацыяй" усходняй Украіны.

"Аб'яднанне мясцовых бандытаў з падтрымоўванымі Расеяй сіламі стала неад'емнай часткай гэтай сітуацыі, і рост гэтых мілітарызаваных крымінальных груповак толькі ўзмоцніць праблему, з якой трэба будзе змагацца Кіеву, каб адолець уласную карупцыю. Такія групоўкі будуць неўнікнёна спрабаваць усталяваць сувязь з карумпаванымі бюракратамі і крымінальнымі групоўкамі ва Украіне і разам з імі падважваць намаганні для стварэння эканомікі, грунтаванай на праве", - мяркуюць Ортунг і Ўокер.

"Акрамя ўсяго іншага, Крэмль баіцца ўздыму дэмакратычных дзяржаў на яго межах, якія маглі б служыць альтэрнатыўнай мадэллю пуцінскай "вертыкалі ўлады", - гаворыцца ў артыкуле. - Каб прадухіліць узнікненне такіх альтэрнатыў на расейскай пэрыфэрыі, Крэмль выкарыстоўвае дэструктыўную моц сэпаратызму і спадарожную яму карупцыю і злачыннасць, каб перашкаджаць рэформам".

"Пуцін не можа дазволіць сэпаратыстам ва ўсходняй Украіне саступіць, бо гэта будзе несці пагрозу ягонаму кантролю над службамі бяспекі і войскам ва ўласнай краіне. І ён не можа дапусціць, каб урад у Кіеве дамогся поспеху, бо гэта прадэманструе насельніцтву Расейскай Федэрацыі паспяховую дэмакратычную альтэрнатыву. Правакаванне нестабільнасці істотна важнае для стратэгіі Крамля", - робяць высновы аўтары артыкула.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках